Добраахвотнік з “Атама”: “Хлопцы ў “Байполе” месяцы працуюць на ідэі і ралтоне”
Пагаварылі з добраахвотнікам атрада “Атам”, які ў відэазвароце патрабаваў ад Азарава “неадкладна выдаць фінансавую дакументацыю” / скрыншот з відэа добраахвотнікаў
Сёння з раніцы ў сацсетках з’явіўся відэазварот байцоў атрада добраахвотнікаў “Атам” да прадстаўніка “Байпола” Аляксандра Азарава.
“Атам” — гэта група былых “байполаўцаў”, большасць з якіх цяпер уваходзіць у склад палка Каліноўскага. У гэтым звароце яны крытыкавалі Азарава і выказвалі сваю падтрымку Мацвею Купрэйчыку.
Калі вы задаецеся пытаннем “хто гэтыя людзі?”, спачатку прачытайце гэты тэкст.
Намагаючыся разабрацца ў прычынах разладу ўнутры “Байпола”, карэспандэнт Еўрарадыё звязаўся з прадстаўніком атрада “Атам”, які і выклаў ранішні відэазварот у тэлеграм-канал “Байпола”. Наш суразмоўнік, які прадставіўся пазыўным Ніл, захоўвае ананімнасць — яго кантакты нам перадалі “каліноўцы”.
“Так, праблема звязаная з фінансамі”
У ранішнім відэазвароце ў кадры каля дзесятка чалавек у форме. Іх твары “замыленыя”, а галасы змененыя з прычын бяспекі. Яна патрабуюць ад Азарава “спыніць распаўсюджванне ў СМІ хлусні ў дачыненні да супрацоўнікаў аб'яднання сілавікоў Беларусі BYPOL”, а таксама “неадкладна выдаць усю фінансавую дакументацыю аб дзейнасці арганізацыі і кампенсаваць прычыненую шкоду”.
— Папраўдзе, відэа ўражвае. Яно было разлічанае на тое, каб Азараў спужаўся?
— Яно было знятае амаль уначы і вельмі хутка. Усё было трохі на эмоцыях. Гэта была наша заява на карысць таго, што мы на баку Мацвея і яго рыторыкі. Нікога мы не паедзем забіваць, мы адукаваныя хлопцы. Проста вырашылі расставіць кропкі над “і”.
— Чаму менавіта цяпер вы вырашылі выказаць публічныя прэтэнзіі да Азарава?
— Асабіста ў мяне даўно быў да яго недавер. Не хочацца заходзіць у падрабязнасці, бо ўжо шмат чаго было сказана. Гэтую сітуацыю мы хацелі вырашыць мірна. “Мы” — арганізацыя, а дакладней, тая большасць, якая падтрымала Мацвея Купрэйчыка [у гэтым канфлікце].
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.