У дзень, калі Лукашэнка праводзіць выбары, пройдзе з'езд беларускіх дэмсіл
Плануецца з'езд дэмсіл
У дзень, калі Аляксандр Лукашэнка праводзіць у Беларусі так званыя прэзідэнцкія выбары, 26 студзеня 2025-га, у Варшаве пройдзе з'езд беларускіх дэмакратычных сіл. Пра гэта паведаміла кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская.
“Каб прадэманстраваць наша адзінства і салідарнасць з палітычнымі зняволенымі, а таксама пазначыць прыярытэты на 2025 год, — цытуе яе тлумачэнне "Позірк". — Важна данесці да беларусаў, што наша барацьба працягваецца. Рэжым у Беларусі далёкі ад стабільнасці. І мы павінны быць гатовыя да любых нечаканасцяў. Як паказалі падзеі ў Сірыі, у дыктатурах перамены могуць наступаць нечакана".
Якія палітычныя сілы паўдзельнічаюць у мерапрыемстве, пакуль невядома.
Ціханоўская падкрэсліла, што Лукашэнка "не прэзідэнт і пасля студзеня не адновіць ніякай легітымнасці". Мяркуецца, што мэта рэжыму — правесці выбары, не дапускаючы ніякіх пратэстаў, і пасля заявіць пра легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі. Для гэтага не спыняюцца рэпрэсіі. А Святлана Ціханоўская кажа, што ў Беларусі ўвогуле тэрор.
“Гэта будзе больш падобна на ваенную аперацыю, чым на выбары..., — гаворыць Ціханоўская. — Мы ўжо можам сказаць, што няма ўмоў для правядзення свабодных і справядлівых выбараў і міжнародная супольнасць не можа іх прызнаць".
Еўракамісар па пытаннях пашырэння Марта Кос на канферэнцыі Standing with the people of Belarus у Бруселі паведаміла, што ЕС выдзяляе 30 мільёнаў еўра для дапамогі беларусам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.