Ціханоўская расказала, як яе называюць "больш смелыя" заходнія палітыкі
Святлана Ціханоўская
Украінскі журналіст з "Еўрапейскай праўды" у гутарцы са Святланай Ціханоўскай спытаў, ці зменіцца яе роля як лідаркі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2025-га, якія праводзіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі? "Так лёс склаўся, што я стала лідаркай дэмакратычнага руху Беларусі. Што я абраная прэзідэнтка Беларусі, — гаварыла Ціханоўская. — ...У 2020 годзе я атрымала мандат ад беларусаў да правядзення сумленных, свабодных выбараў у Беларусі. І я павінна вытрываць да гэтай магчымасці. Тое, што робіць Лукашэнка, не легітымізуе яго ні ў вачах беларусаў, ні ў вачах нашых заходніх партнёраў і, я спадзяюся, ні ў вачах украінцаў таксама. І таму гэтае прызначэнне Лукашэнкі не мае ніякага ўплыву на маю далейшую працу. Мы як рабілі, так і будзем працягваць аслабляць рэжым Лукашэнкі і, магчыма, аслабляць і рэжым Пуціна таксама. І ўмацоўваць усё беларускае".
Было пытанне і пра тое, як ставяцца да Святланы Ціханоўскай на Захадзе, як яе называюць? "Канешне, розныя палітыкі па-рознаму могуць называць мяне, — кажа Ціханоўская. — Больш смелыя называюць прэзідэнткай ці абранай прэзідэнткай, іншыя — лідаркай дэмакратычнага руху. Але гэта сутнасці не мяняе. У нас усе атрыбуты афіцыйных сустрэч і прымаюць як кіраўніцу дзяржавы, дэмакратычнага руху. То бок як альтэрнатыву Лукашэнкі".
Сёлета на канферэнцыі "Новая Беларусь" у Вільні Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі і Каардынацыйная рада падпісалі пратакол, які замацоўвае за Ціханоўскай статус нацыянальнай лідаркі да праведзення ў Беларусі свабодных выбараў (альбо пакуль яна сама не вырашыць спыніць сваю дзейнасць у такой якасці). Гэта выклікала і крытычныя выказванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.