Супрацоўнікі BYPOL гатовыя "на любы незалежны паліграф" — Купрэйчык
Атрад "АТАМ" выступіў супраць Аляксандра Азарава / t.me/bypol/
Працягваецца скандал у BYPOL, аб’яднанні беларускіх сілавікоў, якое дзейнічае за мяжой і супрацоўнічае з Аб'яднаным пераходным кабінетам Беларусі Святланы Ціханоўскай. Напярэдадні з'явіліся дзве супрацьлеглыя заявы прадстаўнікоў арганізацыі, якія могуць сведчыць пра яе раскол. 9 чэрвеня сваю пазіцыю агучыў Мацвей Купрэйчык. Напярэдадні кіраўнік BYPOL, ён жа прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па аднаўленні правапарадку Аляксандр Азараў заявіў, што Купрэйчык перахапіў доступ да ўсіх сацсетак арганізацыі. І здарылася гэта пасля таго, як адмовіўся праходзіць паліграф і быў звольнены.
У інтэрв'ю radiounet.fm Мацвей Купрэйчык кажа, што з ім 80% супрацоўнікаў BYPOL, з Аляксандрам Азаравым — 20% (ён і яшчэ два чалавекі). Па яго версіі, ім прапанавалі прайсці паліграф пасля таго, як яны пачалі задаваць Азараву пытанні наконт празрыстасці фінансавага стану фонда BYPOL. "Паліграф мы адмовіліся праходзіць, таму што паліграф гэты з’яўляецца ангажаваным... Усе супрацоўнікі BYPOL гатовы на любы незалежны паліграф", — заявіў Купрэйчык.
Мацвей Купрэйчык сцвярджае, што не скраў доступ да сацсетак, паколькі яны належаць Аб’яднанню сілавікоў Беларусі, якое было створана ў верасні 2020 года. А фонд BYPOL, якім кіруе Аляксандр Азараў, быў створаны ў траўні 2021-га. Азарава выключылі з арганізацыі "Аб’яднанне сілавікоў Беларусі", дадае Купрэйчык.
Супраць Азарава і ў падтрымку яго "апазіцыі" выступіў атрад беларускіх добраахвотнікаў "АТАМ", які ваюе ва Украіне супраць расійскіх акупантаў і быў туды пасланы BYPOL.
Мацвей Купрэйчык кажа, што спадзяецца ўрэгуляваць сітуацыю "мірна", ідуць кансультацыі з АПК і Офісам Ціханоўскай. Ён спадзяецца захаваць арганізацыю, але без Азарава і яго прыхільнікаў.
Тым часам Аб’яднаны пераходны кабінет "пачынае праверку з мэтай вывучэння абставін гэтай сітуацыі, выпрацоўкі высноў і прыняцця адпаведных рашэнняў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.