Кіпрскі экспарцёр беларускіх угнаенняў трапіў пад санкцыі Польшчы

"Гродна Азот"

"Гродна Азот" / azot.by

Пад санкцыі Польшчы трапіла кіпрская кампанія Rostumel Holding Limited, якая займаецца экспартам прадукцыі прадпрыемства "Гродна Азот". Кампанія была ўнесеная ў санкцыйны спіс 31 снежня паводле патрабавання кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (KAS), заўважыў reform.news.

Як адзначае KAS, у Польшчы ўжо заблакавалі 70% паставак мачавіны з Беларусі.

Кампанія Rostumel Holding Limited была зарэгістраваная на Кіпры ў снежні 2018 года. У Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы заяўляюць, што ад імя кампаніі дзейнічае яе фінансавы дырэктар Андрэй Свірыдаў, які быў намеснікам кіраўніка справамі Лукашэнкі ў 2019-2021 гадах.

"У гэты перыяд кіраўніком спраў быў Віктар Шэйман, які ўключаны ў санкцыйны спіс (Дадатак I да Рэгламенту Савета (ЕС) №765/2006). Акрамя таго, Rostumel Holding Limited звязаная персанальна і праз капітал з кіпрскай кампаніяй Dimicandum Invest Holding LTD (нумар HE 311944), фінансавым дырэктарам якой таксама з'яўляецца Андрэй Свірыдаў", — адзначаюць у польскім ведамстве.

Раней кампанія працавала ў сферы нерухомасці, але ў 2024-м выйшла на рынак мінеральных угнаенняў. Яна пастаўляе з Беларусі ў Польшчу прадукцыю "Гродна Азота", які знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза.

За апошнія два месяцы Польшча ўвяла санкцыі супраць чатырох пастаўшчыкоў беларускіх азотных угнаенняў. Таксама Польшча хоча ўвесці пошліны на ўгнаенні з Беларусі і Расіі ў памеры 30-40%, каб дапамагчы ўласнаму вытворцу Grupa Azoty.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі