Кіраўнік Беларускай федэрацыі валейбола сышоў у адстаўку
У адстаўку падаў старшыня Беларускай федэрацыі валейбола Эдуард Венскі, піша TUT.by. Ужо з 1 верасня абавязкі старшыні будзе выконваць генеральны сакратар Ала Цяцерына.
Сам Венскі патлумачыў прычыну адстаўкі тым, што разышоўся са сваім кіраўніцтвам у поглядах на развіццё валейбола ў краіне. Спецыяліст кажа, што прымаў рашэнне самастойна і на яго не моцна паўплываў нядаўні дэмарш чатырох валейбалістаў зборнай, якія адмовіліся гуляць у знак нязгоды з вынікамі выбараў і тым, што адбываецца пасля іх у краіне.
Эдуард Венскі кіраваў федэрацыяй валейбола з 27 лістапада 2018 года. Раней ён быў прафесійным валейбалістам, 14 сезонаў правёў у чэмпіянаце Фінляндыі за клуб "ВяЛеПа", прызнаваўся найлепшым гульцом фінскага чэмпіянату. У 2017 годзе спартовец вярнуўся ў Беларусь. У складзе салігорскага "Шахцёра" заваяваў тытул чэмпіёна краіны, пасля чаго завяршыў кар'еру гульца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.