Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба напісаў заяву аб адстаўцы
Дзмітрый Кулеба
Міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба падаў у Вярхоўную Раду заяву аб адстаўцы, піша Hromadske са спасылкай на кіраўніка Вярхоўнай Рады Руслана Стэфанчука. Рэсурс нагадвае, што на гэтым тыдні ў Вярхоўнай Радзе плануюць разгледзець "шэраг урадавых ратацый". Чакалі і адстаўку Кулебы. Кіраўнік фракцыі "Слуга Народа" Давід Арахамія раней заявіў, што больш за 50% штатнай колькасці Кабінета Міністраў зведае змены . Ён назваў гэта "вялікай перазагрузкай ўрада".
Раней у Вярхоўную Раду ўжо паступіла 5 заяў аб адстаўцы: ад міністра па пытаннях стратэгічных галін прамысловасці Аляксандра Камышына, міністра юстыцыі Дзяніса Малюські, міністра абароны навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў Руслана Стральца. віцэ-прэм'ера ў пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Вольгі Стэфанішынай і ад віцэ-прэм'ера і міністра ў пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірыны Верашчук.
Напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў будучыя кадравыя змены ў знешняй і ўнутранай палітыцы. Пра гэта ён заявіў падчас вячэрняга звароту. Паводле яго слоў, восень будзе надзвычай важнай для краіны, і "дзяржаўныя інстытуты павінны быць настроены так, каб Украіна дасягнула ўсіх вынікаў, якія нам патрэбныя". Для гэтага плануецца "узмацненне некаторых напрамкаў у рабоце ўрада" і кадравыя змены, у тым ліку ў Офісе прэзідэнта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.