Кіраўнік штаба Лукашэнкі адмовіўся адказваць, і яму нічога за гэта не было
Міхаіл Орда на пікеце па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку / Скрыншот
5 чэрвеня на пікеце па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку (дарэчы, ледзь не адзіным, які прайшоў у Мінску) кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Міхаіл Орда адмовіўся адказваць на пытанне. І яму за гэта нічога не было!
— Навошта далей збіраць подпісы, калі ўжо досыць? — пытаецца ў Орды чалавек за кадрам. Толькі што абвешчана, што за вылучэнне Лукашэнкі ў прэзідэнты сабраны мільён подпісаў.
— Ну я вам адкажу, так. Мы ідзем па жаданні людзей, — пачынае адказваць Міхаіл Орда. — Калі ў людзей...
— Колькі вам заплацілі за эфір? — гэта яшчэ адзін голас за кадрам. Пытанне, найхутчэй, звернутае не да Орды, а да журналістаў радыё "Свабода", якія вядуць стрым.
— Слухайце, на ўсякія вось гэтыя гадасці вашы я адказваць не буду! — раптам разгортваецца і сыходзіць Орда.
Тыдзень таму, калі Сяргей Ціханоўскі, кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, адмовіўся адказваць на пытанні двух жанчын, якія пераследвалі яго на працягу некалькіх хвілін, на пікеце з'явіліся два міліцыянты. Яны паспрабавалі затрымаць Ціханоўскага. Пачалася штурханіна, адзін з міліцыянтаў апынуўся на зямлі. Неўзабаве Сяргея Ціханоўскага затрымалі байцы АМАП.
— Са сваімі на кароткай назе, а на элементарныя пытаньні іншых выбаршчыкаў адказваць збіральнік подпісаў не хацеў, — пракаментавалі гэта па беларускім тэлебачанні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.