Кіраўніка "Уралкалія" вызвалілі з СІЗА КДБ па ініцыятыве генпракурора Расіі
Днямі Юрый Чайка наведаў Мінск, пра мэту яго візіту афіцыйна не паведамлялася.
Як інфармуе interfax.by са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, генпракурор Расіі ў Мінску правёў перамовы пра далейшы лёс справы "Уралкалія" са сваім беларускім калегам і вышэйшым кіраўніцтвам краіны. Па выніках гэтых перамоваў было прынятае рашэнне пра супрацоўніцтва ў расследаванні гэтай крымінальнай справы, у тым ліку на падставе матэрыялаў беларускіх праваахоўных органаў. Беларускі бок палічыў магчымым змяніць меру стрымання Уладзіславу Баўмгертнеру на хатні арышт.
Паведамляецца, што асноўная праблема на перамовах палягала ў перспектывах расследавання на тэрыторыі Расіі крымінальнай справы, сярод фігурантаў якой — асноўны ўладальнік "Уралкалія" Сулейман Керымаў і шэраг іншых расіян. Па звестках interfax.by, было вырашана, што Беларусь перадае расійскаму боку ўсе матэрыялы свайго расследавання па гэтай справе, а праваахоўныя органы Расіі праводзяць уласнае расследаванне.
Нагадаем, 26 верасня стала вядома, што Уладзіслава Баўмгертнера перавялі з СІЗА КДБ пад хатні арышт на адну з мінскіх кватэраў, арандаваных КДБ. За кратамі расійскі бізнэсовец правёў месяц.
Фота Юрыя Чайкі — vedomosti.ru