Кіроўца, які збіў насмерць дзіця ў Магілёве, праз паўгода выйшаў па амністыі
Смяротная аварыя адбылася 24 студзеня, дзіця загінула на месцы
Сям'я Новікавых з Магілёва дамагаецца перагляду рашэння з нагоды амністыі ў дачыненні да кіроўцы, які збіў іх сына. ДТЗ адбылося 24 студзеня на пешаходным пераходзе. Хлопчык загінуў на месцы, ён вяртаўся са школы дадому. А віноўнік аварыі Віталь Кілеса праз паўгода выйшаў на волю па амністыі. Хоць першапачаткова суд прысудзіў яму 5 гадоў калоніі-пасялення, а ягонай жонцы-уладальніцы аўто — штраф.
Пасля першага суда муж і жонка паспрабавалі абскардзіць прысуд. Перад бацькамі, якія страцілі сына-школьніка, Віталь Кілеса папрасіў прабачэння наступным чынам: "Прабачце, я яго не бачыў". Да гэтай аварыі Віталя Кілесу пяць разоў пазбаўлялі вадзіцельскіх правоў, у тым ліку двойчы — за язду ў нецвярозым стане, двойчы — за перавышэнне хуткасці на працягу года і яшчэ раз — за ДТЗ.
"Усё да гэтага ішло. Гэта чалавек, які пляваў на ўсіх", — кажа бацька загінулага хлопчыка. У Кілесы было 35 адміністрацыйных парушэнняў за рулём. Большасць з іх — за язду без правоў. А яшчэ дзясяткі штрафаў за перавышэнне хуткасці.
"Чалавек не збіраўся ні на кропельку мяняцца. Яму было ўсё роўна. Усё да гэтага ішло. І цяпер органы ўлады, а менавіта ДВП, выпускаюць гэтага чалавека на волю, зноў даючы яму магчымасць сесці за руль", — адзначаюць Новікавы. Яны баяцца, што Віталь Кілеса зноў з'явіцца на дарогах Магілёва. У іх расце яшчэ адзін сын. Сям'я просіць перагледзець рашэнне аб амністыі для мужчыны, вінаватага у гібелі іх сына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.