Кіроўцы “хуткай”: Вінаватым у ДТЗ на Багдановіча назавуць нашага калегу

Кіроўцы “хуткай”: Вінаватым у ДТЗ на Багдановіча назавуць нашага калегу

“Кіроўцы! Падчас руху з уключанымі спецсігналамі на чырвоны сігнал светлафора будзьце асабліва ўважлівыя, выконвайце правілы дарожнага руху!”

Такі дзіўны надпіс бачу на каляровым плакаце “Маланка”, на дошцы аб’яваў у пакоі для адпачынку кіроўцаў на адной са сталічных падстанцый хуткай дапамогі. У пакойчыку старыя падзёртыя канапы, стол, засланы пледам.  Пытанне пра ДТЗ на мінскай вуліцы Багдановіча відавочна балючае! Нягледзячы на пярэчанне правілам дарожнага руху, паводле якіх удзельнікі руху мусяць даваць бесперашкодны праезд спецтранспарту з уключанымі праблясковымі маячкамі сіняга колеру, кіроўцы “хуткіх” перакананыя, што вінаватым у ДТЗ на Багдановіча будзе іх калега:

“Бо "хуткая" ж, атрымліваецца, таксама парушала. Яна рухалася на чырвонае святло, перавышаючы хуткасць, а значыць, віны кіроўцы хуткай больш. А тое, што ён ехаў з уключаным маячком… Паспрабуй дакажы”.

Пра віну кіроўцы Lada, якая сутыкнулася з “хуткай”, кажуць так:

“У яго там сабвуфер стаіць, маніторы розныя і яшчэ невядома чаго… Ён не бачыць і не чуе. Атрымліваецца, што ён непадсудны, бо едзе на зялёнае, а я, няхай і з маячакамі, еду на чырвонае — усё”.

Як высвятляецца, машына "хуткай", якая трапіла ў аварыю, была набытая толькі месяцы тры таму. Цяпер аўтамабіль аднаўленню не падлягае. Кіроўцу, магчыма, давядзецца выплаціць з уласнай кішэні кошт новага рэанімабіля:

“Дырэкцыя ставіць пытанне такім чынам, што адказвае за ўсё кіроўца: за машыны, за кліентуру і за ўсё на свеце… — перабіваючы адзін аднаго кажуць вадзіцелі “хуткіх”. — Маўляў, вас жа ніхто не прымушае ехаць хутка! Гэтай аварыяй на Багдановіча чалавек нават унукам падпісаў дамову на выплату шкоды. Гэта паў мільярда рублёў старымі (500 тысяч дэнамінаванымі), якія будзе выплачваць кіроўца хуткай дапамогі. У нас аднаўленне машыны на 100% кладзецца на плечы кіроўцы. Кіраўніцтва не жадае ставіць на машыны “Аўта Каска”, у нас “Каска” — гэта сам кіроўца”.

У ПДР прапісана, што спецтранспарт можа рухацца з парушэннямі, але пры гэтым мусіць забяспечваць бяспеку дарожнага руху. Здарылася ДТЗ — значыць, бяспека не была забяспечаная.

“Калі б нам уступалі дарогу, то не было б такіх трагедый, — падключаецца да размовы брыгадзір, які толькі вярнуўся з рэйда. Мужчына каля 40 гадоў працуе на рэанімабілі. — Ніхто не хоча ўступаць, асабліва цяпер. Калі едзе прэзідэнт, то увесь праспект перакрываецца, а, калі едзе хуткая, паглядзяць і паддадуць хуткасці! Асабліва моладзь і пяты рэгіён (жыхары Мінскай вобласці). Папрыязджаюць з вёсак і ездзяць, як у вёсцы — падразаюць, могуць паказваць розныя знакі пальцамі… Асаблівая катэгорыя — кіроўцы БМВ і Меседэсаў, гэтыя ўвогуле лічаць, што нам не варта было нават выязджаць на дарогу. Яны падразаюць, не зважаючы, з мігалкамі едзеш ці без мігалак. Не разумеюць, што сёння я вязу кагосьці, а заўтра магу везці іх маці ці дзіця”.

Кіроўцы хуткіх наракаюць на мінскія двары, дзе абавязкова знойдзецца некалькі аўтааматараў, якія паркуюцца, не зважаючы ні на што. Калі трэба хутка вывозіць пацыента, складана не зачапіць такую машыну. У выніку аўтахаму — штраф за няправільную паркоўку, а кіроўцы хуткай — рамонт абедзвюх машын з уласнай кішэні.

На выезде з падстанцыі, дарога амаль заблакавана прыпаркаванымі машынамі. Нягледзячы на знакі з абодвух бакоў "Паркоўка забаронена". У гадзіны пік, калі машын шмат, для кіроўцаў хуткай складана нават тэрмінова выехаць.

Кожны з суразмоўцаў Еўрарадыё прызнаецца, што не раз пацыенты паміралі прама ў машыне. І прычынай станавілася менавіта немагчымасць хутка давезці іх да бальніцы. Больш дасведчаныя кіроўцы ўзгадваюць часы, калі тых, што не прапускаў рэанімабіль, пазбаўлялі правоў і прымушалі пераздаваць іспыт у ДАІ.

“А цяпер самі даішнікі кажуць, што нават іх часам не прапускаюць, дык што казаць пра хуткую дапамогу, — кажуць кіроўцы. — Але кожная праца заўсёды мае свае хібы, ды і паспрабуй цяпер куды-небудзь уладкавацца. Ды і падабаецца нам ратаваць людзей, мы любім гэтую працу, таму і працуем!”

6 лістапада аўтамабіль хуткай дапамогі, які вёз пацыентку ў крытычным стане, сутыкнуўся з аўтамабілем Lada на скрыжаванні вуліц Багдановіча і Камуністычнай. У выніку сутыкнення машыну "хуткай" адкінула на аўтамабіль Citroen, пасля чаго яна перакулілася на дах. Кіроўцы і медыкі атрымалі траўмы і былі дастаўленыя ў бальніцы, а вось пацыентка памерла на месцы. Па папярэдняй інфармацыі, машына хуткай дапамогі ехала са светлавой і гукавой сігналізацыяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі