Кітай забараніў экспарт у Расію сваіх працэсараў
Працэсар Loongson быў прадстаўлены публіцы вясной 2021 года / tinhte.vn
Урад Кітая забараніў пастаўкі ў Расію сваіх працэсараў Loongson на ўласнай архітэктуры LoongArch, піша "Коммерсант". У Пекіне гэтае рашэнне тлумачаць тым, што тэхналогія лічыцца стратэгічна важнай і выкарыстоўваецца ў ваенна-прамысловым комплексе КНР.
Тым часам шэраг расійскіх вытворцаў электронікі расказаў журналістам, што ўжо тэставаў кітайскія працэсары і лічаць іх цалкам прыдатнай заменай Intel. Яны маглі б спатрэбіцца ў выпадку, калі будуць заблакаваныя каналы паралельнага імпарту.
Нагадаем, пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны вядучыя вытворцы працэсараў, у тым ліку Intel і AMD, прыпынілі пастаўкі ў РФ. Тады ў Расіі легалізавалі паралельны імпарт — скасавалі крымінальную і адміністрацыйную адказнасць за ўвоз прадукцыі без дазволу праваўладальніка.
Карпарацыя Loongson была заснаваная ў 2002 годзе Акадэміяй навук Кітая. Перад кампаніяй стаяла мэта стварыць альтэрнатыву амерыканскім працэсарам Intel і AMD. Працэсар Loongson быў прадстаўлены публіцы вясной 2021 года. Цяпер ноўтбукі на базе Loongson даступныя для замовы ў Расіі на AliExpress.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.