Кліенты БСБ банка могуць застацца абслугоўвацца ў БНБ банку
18 жніўня Нацбанк Беларусі вярнуў БСБ банку ліцэнзію на працу з фізічнымі асобамі. У самім банку паведамляюць, што пакуль займаюцца тэхнічнымі працамі па вяртанні магчымасці абслугоўваць фізасоб.
У Беларускім народным банку кажуць, што для кліентаў, якія перавялі свае карткі і рахункі ў БНБ банк з БСБ банка, нічога не зменіцца, калі яны самі не пажадаюць сысці назад у БСБ банк. Іх рахункі будуць абслугоўвацца далей на цяперашніх умовах, ніхто аўтаматычна вяртаць іх у БСБ банк не будзе.
Нацбанк адклікаў ліцэнзію на працу з фізічнымі асобамі ў “БСБ Банка” з 26 чэрвеня. Паведамлялася, што прычынай для такога рашэння сталі парушэнні і недахопы, выяўленыя падчас праверкі банка. Якія менавіта парушэнні і недахопы — не паведамлялася. Кліентам давалося за лічаныя тыдні пераносіць свае рахункі ў Беларускі народны банк, каб мець магчымасць атрымаць заробак і распараджацца грашыма.
На пачатку жніўня старшынёй праўлення “БСБ Банка” быў прызначаны Сяргей Дубкоў, колішні намеснік старшыні праўлення Нацбанка. У назіральную раду банка ўвайшла экс-старшыня Нацбанка Надзея Ермакова.