Колькі гадоў можна заставацца ў спісе невыязных?

Па словах суддзі Канстытуцыйнага суда, нават калі чалавек праходзіць па крымінальнай справе як абвінавачаны, яго нельга пакідаць у спісе невыязных больш за год. Як раней паведамляла Еўрарадыё, для таго, каб зрабіць чалавека невыязным, дастаткова рашэння следчага. З абвінавачанага ці проста падазронага па справе нават не заўжды бяруць падпіску аб нявыездзе. Следчы проста прымае рашэнне абмежаваць права таго ці іншага чалавека на выезд, і яго прозвішча ўносяць у банк даных невыязных.

Суддзя Канстытуцыйнага суда Валянцін Шуклін кажа, што калі нават падазронага па справе і ўнеслі ў спіс невыязных, то гэта не надоўга.

Валянцін Шуклін:
“Гэта не працяглы час. Не можа быць год, два, тры падазроным чалавек. У адносінах да яго павінна вырашацца пытанне: альбо выстаўляць яму абвінавачванне, што ён вінаваты ў чымсьці, альбо невыстаўлення. І ён тады не вінаваты”.

А вось калі чалавеку выставілі абвінавачванне, то, па яго словах, статус невыязнога можа замацавацца за чалавекам на працяглы час. Праўда, кажа, максімум не больш чым год. Альбо крыху больш.

Валянцін Шуклін: “Калі асоба абвінавачаная, то ў адносінах да яе следства можа весціся і год, і крыху больш. Тады што ж, гэта яго абавязак – знаходзіцца на месцы. Ён сам у гэтым зацікаўлены, калі чалавек не вінаваты”.

Тое, што невінаватага чалавека пазбаўляюць права на выезд, праваахоўныя органы мала хвалюе. Галоўнае, на думку суддзі, каб патэнцыйны злачынец не пазбег пакарання і не ўцёк за мяжу ад беларускага правасуддзя.

Адказаць, ці будуць на працягу ўсяго часу, які ідзе следства, падазроныя і абвінавачаныя па справе невыязнымі, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення папярэдняга расследавання МУС Аляксандр Ігнатовіч адназначна не змог. Кажа, будзе залежаць ад канкрэтнай справы і канкрэтнага чалавека.

Аляксандр Ігнатовіч: “Агулам я не магу сказаць у дачыненні да канкрэтнай сітуацыі. Да прыкладу, у якасці каго праходзіць асоба, у дачыненні да якой прымяняецца мера прымусу. Ці гэта абвінавачаны, ці то грамадскі адказчык па справе”…

5 сакавіка споўніцца 4 гады, як лідэр АГП Анатоль Лябедзька праходзіць падазроным па крымінальнай справе. Але толькі ў апошнія дні 2007 года яго пазбавілі права на выезд за мяжу і ўнеслі ў спіс невыязных. Колькі яшчэ будзе цягнуцца следства і колькі ён будзе невыязным, палітык сказаць не можа.

Анатоль Лябедзька: “Замкнёнае кола, па якім можна хадзіць і 10, і 15 гадоў. Пракуратура, якая акрэслівае юрыдычны бок гэтай справы, кажа, што ў іх няма такіх прэтэнзій, каб абмяжоўваць выезд. Але разам з тым кажуць, што я застаюся падазроным па крымінальнай справе, якая не завершана. А МУС менавіта на гэта і спасылаецца”.

Доўжыцца следства, па словах праваабаронцы Алены Танкачовай, і сапраўды можа столькі часу, колькі таго захоча следчы. І столькі ж чалавек будзе невыязным.

Алена Танкачова: “Пакуль справа будзе цягнуцца, яны будуць невыязнымі. А цягнуцца яна можа, па вялікім рахунку, бясконца доўга, калі ёсць такая зацікаўленасць. Юрыдычныя дужкі дазваляюць цягнуць яго столькі, колькі гэта патрэбна следству”.

На яе думку, рабіць невыязнымі можна толькі тых людзей, з каго ўзялі падпіску аб нявыездзе. Уносіць туды ўсіх, каго захоча альбо палічыць патрэбным следчы, незаконна.

Алена Танкачова: “Калі б у спісы ўносілі толькі тых людзей, у дачыненні да якіх ужытая такая мера абмежавання, як падпіска аб нявыездзе, тады б на гэту тэму можна было б размаўляць з юрыдычнай кропкі гледжання. А паколькі сітуацыя ў тым выглядзе, які мы маем зараз, то і Лябедзька будзе сядзець і нікуды не ездзіць столькі, колькі гэта патрэбна ўладам, і астатнія”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі