"Колькі ты хочаш зарабляць?" Як нашага журналіста вербавалі ў наркакур'еры
У групах уцекачоў у Беларусі прапануюць "хуткія грошы". Мы пагутарылі з тымі, хто вярбуе ўцекачоў у наркакур'еры
"Не спяшайся адмаўляцца, з грашыма на першы час мы табе дапаможам, навучанне дадзім", — угаворвае нашу карэспандэнтку дзяўчына з нікам Марыя HR.
"Эйчар Марыя" прапануе нашай журналістцы папрацаваць "у дастаўцы" і абяцае заробак у 2 тысячы долараў на тыдзень. Аб'ява аб вакансіі з'явілася ў групе дапамогі ўкраінскім уцекачам у Беларусі. Такія вакансіі з'яўляюцца там рэгулярна — некалькі разоў на дзень.
Уцекачоў клічуць разгрузіць склады або папрацаваць кур'ерам і абяцаюць добры заробак. Кожны раз, як мы адгукаліся на вакансію, нам прапаноўвалі развозіць "закладкі".
Наша карэспандэнтка спісалася з аўтарамі некалькіх прапаноў і расказвае, як яе спрабавалі зрабіць наркакур'ерам.
“Проста вы чалавек адной працы і баіцеся перамен”
На аватарках усіх "эйчаров" у телеграме — прыгожыя дзяўчаты на фоне басейнаў. Гэтыя фота нібыта мусяць выклікаць наш давер. Рабі як Марыя — і трапіш з групы дапамогі ўцекачам бліжэй да басейна.
"Трэба будзе дастаўляць па горадзе дарагі тавар", — расказвае Марыя.
"Які?" — пытаем мы.
"Мы працуем з розным таварам, ад хіміі да раслін", — адказвае "эйчар".
"Марыя" паводзіцца дзелавіта. Кажа, што для падбору "адпаведнай вакансіі" ёй трэба "задаць некалькі пытанняў".
"Вы з якога горада?" — піша нам "Марыя".
"З Магілёва", — хлусіць карэспандэнтка Еўрарадыё.
"Колькі б вы хацелі зарабляць у месяц?" — пытаецца "эйчар".
Мы спрабуем высветліць, якую менавіта працу нам прапануюць, але "Марыя" не адказвае і пераходзіць да апісання заробка — нам абяцаюць 2 тыс. долараў у тыдзень.
“Гэта што, вы мне прапануеце наркотыкі развозіць!" — пляснула рукамі карэспандэнтка Еўрарадыё.
Каментар псіхолага Ліліі Ахрэмчык:
— Аснова бяспекі — не ўсталёўваць кантакт з чалавекам, якога вы дрэнна ведаеце, асабліва калі ад яго паступаюць дзіўныя прапановы. Адна справа, калі вы прыходзіце ў офіс кампаніі, дзе бачыце назву брэнду, бачыце аддзел кадраў, які займаецца рэкрутынгам. Бачыце, што ў кампаніі ёсць штатны расклад і службовыя аклады. Усё гэта фармуе давер да людзей, якія робяць набор.
А калі вы прыходзіце на незразумелую кватэру ці проста атрымліваеце званок на тэлефон, у якім вам прапануюць папрацаваць кур'ерам, гэта павінна насцярожыць. Вы трапляеце ў зону невядомасці з вельмі вялікай рызыкай.
Мы паспрабавалі заклікаць да сумлення "эйчара" і нагадалі, што сваю прапанову яна размясціла ў чаце ўцекачоў.
"Марыя" не зразумела, чаму мы лічым, што яна нажываецца на праблемах уцекачоў і перапытала: "Але як? Чаму мы нажываемся? Толькі таму, што даем людзям працу і стабільны заробак?"
Тады мы паспрабавалі прыстрашыць "эйчара" беларускім антынаркатычным заканадаўствам, але Марыя запэўніла, што яе кур'ерам "ніхто ніякіх гадоў (турмы) не дае".
Насамрэч за распаўсюд наркотыкаў у Беларусі даюць да 25 гадоў пазбаўлення волі.
Артур [імя змененае] правёў 6 гадоў у беларускай калоніі. Калі яго затрымалі, яму было 18 гадоў. Артур кажа, што курыў спайс з сябрамі. Суд адправіў яго ў калонію на 10 гадоў — удалося вызваліцца раней. Каб зрабіцца распаўсюднікам, не давялося нават прадаваць наркотыкі ці рабіць закладкі. У Беларусі сумеснае ўжыванне наркотыкаў суды часта трактавалі як распаўсюд наркотыкаў.
— Пад антынаркатычны артыкул 328 у Беларусі стварылі асобную калонію "Воўчыя норы". У 2018 годзе там утрымлівалася каля 1,2 тыс. зняволеных, усе яны адбывалі пакаранне паводле аднаго артыкула. Статыстыка была забаўнай: 200 чалавек сядзела як спажыўцы і 1000 чалавек — як распаўсюднікі. На двух наркаманаў прыходзілася восем наркадылераў.
Калі я пакажу на вас пальцам і скажу, што вы прадалі мне наркотыкі, вас таксама могуць затрымаць. У вас можа наогул не быць наркотыкаў — скажуць, што вы "мелі намер на збыт".
Як было са мной? Не было ні кантрольнай закупкі, нічога. Проста да мяне прыйшло двое хлопцаў, з якімі мы разам накурваліся, пайшлі ў краму, купілі нейкіх прысмакаў, накурыліся. Выходзім — адзін мой таварыш азіраецца і кажа, што за намі ідуць чацвёра нейкіх людзей. Падыходзім да скрыжавання, спыняюцца два бусы, на нас надзяваюць кайданкі, адвозяць на нейкі склад…
Было адчуванне, што затрымліваюць нейкага Пабла Эскабара. А нам было па 17-18 гадоў. У мяне былі выпіскі з псіханеўралагічнага дыспансера, што я лячыўся ад залежнасці. Я на той час аднёс у ламбард ўсе рэчы. Вы ўяўляеце сабе наркадылера, які адносіць рэчы ў ламбард?
“Туды дадаюць усякую атруту — напрыклад, ачышчальнік для мыцця вокнаў”
Праз тыдзень "Марыя" ўсё ж пагадзілася даць нам поўнае апісанне "вакансіі".
"Трэба рабіць закладкі па раёне. Працуем з такімі таварамі, як меф. Аплата ад 80-100 тыс. рублёў [расійскіх рублёў]. Выплата два разы на тыдзень. Навучанне даем".
— Мефедрон — гэта цяпер самы распаўсюджаны від наркотыку. Гэта дызайнерскі наркотык, туды дадаюць ачышчальнікі для мыцця вокнаў — наогул усякую атруту. Не ведаю, чаму расце яго папулярнасць, — тлумачыць Артур. — Гэта фактычна аналаг какаіну. Так, ён таннейшы, чым какаін. Аптовая цана — каля некалькіх баксаў за грам. А ў розніцу прадаецца ў дзесяць разоў даражэй.
Заробак нам прапаноўвалі гэтым разам ужо ў расійскіх рублях. Відавочна, прапановы "працы" рассылаюцца з-за мяжы. Калі мы перапыталі, чаму заробак у замежнай валюце, Марыя перавяла нам расійскія рублі ў беларускія.
“Мне б ужо гамон быў”
Мы пытаемся ў Марыі, як яна трапіла ў гэтую сферу. Наш "эйчар" расказвае, што ў жыцці "прыйшлося цяжка", а потым сяброўка прапанавала ёй такі спосаб зарабіць.
"Я такой, як на фота, зрабілася дзякуючы гэтай працы. Калі б не яна, мне б ужо гамон быў", — кажа Марыя, а потым зноў запэўнівае нас, што "гэта ў першую чаргу праца".
"Ты ж па грошы сюды прыйшла?" — пытаецца Марыя.
У тую ж групу, дзе "Марыя" шукае наркакур'ераў, украінскія ўцекачы рэгулярна звяртаюцца па дапамогу. Просяць рэчы для дзіцяці, прадукты, просяць дапамагчы з афармленнем дакументаў. Мадэратары групы рэгулярна выдаляюць сумнеўныя прапановы працы, але яны з'яўляюцца зноў і зноў.
Лілія Ахрэмчык настойліва рэкамендуе такія размовы спыняць.
— Вы сутыкняцеся з маніпуляцыі, людзі будуць ціснуць на вашы слабыя месцы. Можаце абрываць гэтыя кантакты груба — сканчайце размову і ўносьце кантакт у чорны спіс.
Калі вы адчуваеце ў сабе сілы супрацьстаяць маніпуляцыям, проста без канца кажыце "не". Не, я не гатовы вас выслухаць. Не, мне нецікава. Калі ён увесь час упіраецца ў сцяну з вашага "не", ён разумее, што вы для яго занадта складаныя. Лепш знайсці лягчэйшы варыянт — таго, каго можна апрацаваць, а не весці з вамі гадзінныя размовы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.