Колькі заробяць настаўнікі на платных гуртках і ці хопіць у іх на гэта часу

Колькі заробяць настаўнікі на платных гуртках і ці хопіць у іх на гэта часу

Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка прапануе падняць заробкі настаўнікам на чвэрць. Ва ўрадзе і Мінадукацыі таксама заклапаціліся пра надбаўкі для настаўнікаў. Чыноўнікі хочуць даць магчымасць зарабіць на гуртках і дадатковых занятках. Як гэта будзе выглядаць? 

Настаўніку, які мае другую катэгорыю і вядзе платны гурток, будуць далічваць 30% тарыфнай стаўкі, за першую — 55%, за вышэйшую — 90%, за катэгорыю "метадыст" — 120%.

Але колькі рэальна заробяць настаўнікі? Кансультуемся з бухгалтарам мінскай школы. У настаўніка першай катэгорыі тарыфная стаўка — 126,78 дэнамінаваных рублёў.

Калі ён адкрые платны гурток, атрымае даплату ў 69 рублёў. Настаўнік першай катэгорыі атрымае 116 рублёў. Няблага. Але ці хопіць настаўнікам на гэта часу?

Павел выкладае ў школе ў Бараўлянах і мае нагрузку 36 гадзінаў на тыдзень. Гэта шэсць урокаў кожны дзень, а таксама класнае кіраўніцтва, гадзіна інфармавання, гадзіна бяспекі жыццядзейнасці.

 "А яшчэ ў мяне праверка сшыткаў і кабінет. Заняткі ў мяне з 13:30 амаль да сёмай гадзіны. Я ніяк ужо не магу ўзяць гурток, бо ў мяне зашмат гадзінаў. А нават калі б мог, не браў бы. Апошні заробак у мяне каля 500 рублёў, я маю другую катэгорыю", — расказвае пра сваю працу Павел.

З другой катэгорыяй вялікага дадатку да яго заробку ўсё адно не атрымаецца.

 Яго калега Уладзімір загружаны на 18 гадзінаў на тыдзень і гатовы ўзяць платны гурток.

"Гэта магчыма. Зразумела, тысячу долараў не заробіш, але каб дагнаць да заробку ў 500 рублёў, чаму б не. Гурток — гэта дзве гадзіны на тыдзень. А 18 мае гадзінаў — гэта тры дні па шэсць урокаў", — разважае Уладзімір.

У настаўніцы Таццяны з Бабруйска першая катэгорыя. Але гурток бы яна ўсё адно не брала: не хапае часу і энергіі.

"Настаўніку трэба чытаць, хадзіць на выставы, ды і проста быць чалавекам, не стамляцца, усміхацца на ўроках. Таму практычна цяжка рабіць гэтыя платныя гурткі. Тэарэтычна, натуральна, гэта магчыма", — дзеліцца думкамі Таццяна.

У настаўніка з Бабруйска Івана Песенкі ўжо ёсць гурток — "Кінаклуб". Праўда, ён бясплатны і даплату за гэта не дадуць. Можна, натуральна, перафарматаваць яго ў платны, але ці будуць плаціць за абмеркаванне фільмаў?

Адкрываць яшчэ адзін платны гурток, нягледзячы на магчымую даплату ў 70 рублёў пры першай катэгорыі, Іван пакуль не плануе. Цяпер ягоны заробак — каля 650 рублёў.

Адзначым, што сярэдні заробак у адукацыі за чэрвень — 530 рублёў (5,3 мільёна). Такія лічбы прыводзіць Белстат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі