"Коммерсант": У сакавіку Беларусь атрымае расійскую нафту "ў звычайным графіку"
Нафта / igis.ru
Масква і Мінск дасягнулі істотнага прагрэсу ў перамовах па пастаўках нафты, піша "Коммерсант". Па звестках расійскага выдання, ужо ў сакавіку пастаўкі нафты ў Беларусь увойдуць у звычайны графік. Беларусь пагадзілася плаціць расійскім нафтавым кампаніям прэмію да цаны на нафту, а Расія — змяншаць гэтую прэмію прыкладна на $2 за тону кожны год.
На дадзены момант прэмія, па розных крыніцах, складае ад 10 да 12 долараў за тону. Адпаведна, сума рознагалоссяў пры жаданай Мінскам пастаўцы ў 24 млн тон расійскай нафты за год — ад 240 да 288 млн долараў.
Пакуль што нафту ў Беларусь пастаўляе толькі група "Сафмар" Міхаіла Гуцарыева, якога звязваюць сяброўскія адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Аднак у студзені яна забяспечыла загрузку двух беларускіх НПЗ толькі на 25%.
Яшчэ адна крыніца "Коммерсанта" сцвярджае, нават у выпадку, калі Мінск і Масква дамовяцца аб пастаўках у сакавіку, ім могуць перашкодзіць тэхнічныя праблемы. З пачатку лютага Беларусь, каб загрузіць Наваполацкі НПЗ, адбірае з трубаправода тэхнічную нафту, патрэбную для падтрымання "трубы" ў працоўным стане. Гэта можа прывесці да зніжэння прапускной здольнасці нафтаправода.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.