Кожны сёмы лекар-іншаземец у Польшчы — беларус
pexels.com
Дэпутат польскага сейма Павел Пудлоўскі апублікаваў адказ Міністэрства аховы здароўя Польшчы на свой запыт аб колькасці замежнікаў-лекараў у Польшчы. Так стала вядома, што першынство ў украінскіх лекараў. На другім месцы лекары-беларусы.
Па афіцыйных дадзеных у Польшчы большасць замежнікаў з правам займацца медыцынскай або стаматалагічнай дзейнасцю — украінцы — 470 спецыялістаў. Беларускія лекары на другім месцы — 231 чалавек.
Потым ідзе Германія — 137 лекараў. Расія — 62 лекара. Пяцёрку замыкае Літва — 57 чалавек. Таксама ёсць лекары з Сірыі, ЗША, Швецыі і Чэхіі.
Замміністра аховы здароўя Польшчы Юзэфа Шчурэк-Жалязка паведамляе ў адказе на запыт дэпутата, што ў краіне недахоп медыцынскага персаналу. Таму міністэрства працуе над спрашчэннем правілаў прыёму замежных медыкаў на працу ў Польшчы.
Да 31 кастрычніка 2019 года права займацца медыцынскай або стаматалагічнай дзейнасцю было выдадзена 1643 замежнікам.