Краіны Балтыі і Польшча створаць на мяжы з Беларуссю "сцяну дронаў"
Фота носіць ілюстрацыйны характар
Краіны Балтыі, Польшча, Нарвегія і Фінляндыя створаць "сцяну дронаў" для абароны сваіх межаў. Пра гэта заявіла міністарка ўнутраных спраў Літвы Агнэ Білатайтэ пасля сустрэчы з калегамі з вышэйназваных краін, паведамляе LRT.
"Гэта зусім новая рэч — сцяна дронаў, якая цягнецца ад Нарвегіі да Польшчы — і яе мэта ў тым, каб выкарыстоўваць дроны і іншыя тэхналогіі для абароны нашых межаў [...] ад правакацый з боку недружалюбных краін і для прадухілення кантрабанды", — сказала Білатайтэ.
Для стварэння сцяны краіны будуць выкарыстоўваць БПЛА для маніторынгу памежных тэрыторый, а таксама сістэмы барацьбы з беспілотнікамі. У найбліжэйшай будучыні саюзнікі павінны скласці план рэалізацыі "сцяны дронаў". Калі такая сцяна з'явіцца на мяжы ЕС з Беларуссю — Білатайтэ не пааведаміла. Пакуль краіны збіраюцца правесці сумесныя вучэнні.
"У нас ёсць яшчэ шмат пытанняў, трэба паглядзець на ўсе гэтыя алгарытмы. Вучэнні былі б вельмі каштоўнымі, паколькі мы паглядзелі б на рэчы, ацанілі іх і ўзмацнілі б нашу гатоўнасць", — падкрэсліла міністарка ўнутраных спраў.
Паводле яе слоў, "сцяна дронаў" можа быць створана за кошт сродкаў Еўрасаюза.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.