Краіны ЕС змогуць скарачаць колькасць пунктаў пропуску на знешніх межах Саюза
Польскі памежны пераход "Кузня" на мяжы з Беларуссю быў зачынены з-за мігрантаў / radio.bialystok.pl
Краіны ЕС атрымалі права скарачаць колькасць пунктаў пропуску на знешніх межах Еўрасаюза. Такая магчымасць прадугледжана ў абноўленых правілах кіравання Шэнгенскай зонай. Асноўныя прапановы сфармуляваныя на сайце Еўракамісіі.
Правілы перагледзелі з аглядкай на пандэмію і міграцыйны крызіс.
З улікам "беларускага кейса" краіне ЕС, якая сутыкнулася з "сітуацыяй інструменталізацыі людзей", могуць даць права "неадкладна абмежаваць пункты перасячэння мяжы і ўзмацніць памежны кантроль".
Пры гэтым тэрміны рэгістрацыі заявак на атрыманне прытулку могуць быць павялічаныя да чатырох тыдняў. Акрамя таго, прадугледжваецца магчымасць разгляду такіх заявак прама на мяжы.
Абноўленыя правілы прадугледжваюць таксама шэраг мер на выпадак пандэміі. У прыватнасці, прадугледжана ўвядзенне часовага памежнага кантролю на ўнутраных межах паміж краінамі-чальцамі ЕС. Пры гэтым адзначаецца, што "аднаўленне памежнага кантролю на ўнутраных межах павінна заставацца выключным і прапарцыйным. Памежны кантроль павінен быць адменены, як толькі прычыны перастануць дзейнічаць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.