Крэмль адгукнуўся на публікацыю Bloomberg аб праблемах пры будаўніцтве БелАЭС
Беларуская АЭС, ілюстрацыйнае фота
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў расійскім СМІ публікацыю Bloomberg пра сур'ёзную праблему пры будаўніцтве БелАЭС у 2022 годзе.
Па яго словах, якія прыводзіць ТАСС, здарэнне на БелАЭС нельга назваць няштатнай сітуацыяй: "Гэта не няштатная сітуацыя падчас працы станцыі, там праводзяцца пуска-наладачныя работы".
Напярэдадні інфармагенцтва Bloomberg апублікавала інфармацыю з унутраных дакументаў карпарацыі "Расатам". З іх вынікае, што ў лютым 2022 года на БелАЭС выявілі сур'ёзную праблему: у першы контур другога энергаблока прасочвалася іёнаабменная смала. Гэта магло заклінаваць крытычна важныя кампаненты і прывесці да пашкоджання або паломкі стрыжняў кіравання і цеплавыдзяляльных зборак. З гэтай прычыны запуск другога энергаблока быў часова адкладзены.
Наяўнасць праблем на другім энергаблоку БелАЭС сваім прызнаваў і Аляксандр Лукашэнка. Сёлета ў сакавіку ён казаў, што былі выяўленыя недахопы, праз якія будаўніцтва другога энергаблоку зацягнулася: "Зацягванне тэрмінаў звязана з тым, што мы сапраўды выстаўляем вельмі высокія патрабаванні да бяспекі. Лепш на паўгода-год пазней, чым дзесьці штосьці недапрацаваць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.