Крэмль пракаментаваў візіт дарадцы Трампа ў Беларусь

Крэмль пракаментаваў візіт дарадцы Трампа ў Беларусь

Крэмль не баіцца, што афіцыйны Мінск пойдзе на больш-менш шчыльную супрацу з Вашынгтонам. Гэта вынікае з каментара, які прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў даў з нагоды візіта ў Беларус дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана

"Казаць пра шчыльнае ўзаемадзеянне Беларусі і ЗША, нам здаецца, у цяперашні момант не выпадае", — цытуе словы Пяскова агенцтва ТАСС. Ён удакладніў, што прадстаўнік Адміністрацыі прэзідэнта ЗША прыбудзе з працоўным візітам, а пра поўнафарматныя афіцыйныя кантакты гаворка не ідзе. 

Пяскоў дадаў, што працягваецца развіццё Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама Еўразійскага эканамічнага саюза. 

Журналісты пацікавіліся, ці можа Беларусь пачаць закупляць амерыканскую нафту і ці не будзе гэта пярэчыць інатрэсам Расіі ў рэгіёне. "Гэта суверэнная справа Беларусі", — адказаў прэс-сакратар Пуціна. 

Па яго словах, закупкі нафты залежаць ад эканамічнай мэтазгоднасці. У якасці прыкладу Пяскоў згадаў сітуацыю з цэнамі на газ. "Можна газ даражэй купляць на спотавым рынку, можна танней купляць трубны газ, які ідзе з Расіі. Можна на працягу нейкага месяца нешта выйграць на пакупках спотавага газу, а можна ў перспектыве аднаго года або двух гадоў атрымаць істотную выгаду за кошт паставак трубнага газу, які ў больш доўгай перспектыве аказваецца таннейшым і выгаднейшым", — патлумачыў чыноўнік. Ён дадаў, што кожная краіна сама прымае рашэнне.

Візіт Джона Болтана ў Беларусь чакаецца на гэтым тыдні. Паводле неафіцыйных звестак, ён будзе сустракацца за Аляксандрам Лукашэнкам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі