"Крэмль прыбірае пасярэднікаў паміж сваімі куратарамі і баевікамі на Данбасе"
Еўрарадыё пацікавілася ў байца тактычнай групы “Беларусь” Яна Мельнікава, хто стаіць за ліквідацыяй вядомых функцыянераў "ДНР" і "ЛНР". Да прыкладу, паплечніка Матаролы Міхаіла Таўстых, вядомага пад мянушкай “Гіві”, якога забілі 8 лютага.
Ян Мельнікаў: Што тычыцца смерці псеўдакіраўнікоў "ДНР" і "ЛНР", то гэта проста іміджавыя асобы, за якімі стаяць куратары з Масквы. Безумоўна, украінская выведка не мае магчымасцяў трапіць на тэрыторыю вайсковай базы батальёна “Усход”, з РПА “Чмель” пацэліць у кабінет, дзе сядзеў “Гіві”, а потым без следу знікнуць. Калі б узровень украінскай выведкі ўжо быў такі, за яе можна было б толькі парадавацца.
На думку Яна Мельнікава, Крэмль проста прыбірае пасярэднікаў паміж сваімі куратарамі і звычайнымі баевікамі.
Беларускі ўдзельнік АТА лічыць, што рускія цяпер могуць ліквідаваць бандфармаванні і заводзіць рэгулярныя часткі, якія будуць выконваць іх загады, а не ваяваць паміж сабой ці гуляцца ў нейкую сваю аўтаномію.