Крымінальную справу былога журналіста БТ і яго жонкі накіравалі ў суд

Дзмітрый Лукша з жонкай / spring96.org
Дзмітрый Лукша з жонкай / spring96.org

Крымінальную справу былога журналіста БТ Дзмітрыя Лукшы і яго жонкі накіравалі ў суд. Ён абвінавачваецца ў "дыскрэдытацыі Беларусі" і "актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Сцвярджаецца, што з лістапада 2021-га да сакавіка 2022-га Лукша "сістэматычна прадстаўляў замежнаму тэлеканалу за ўзнагароджанне матэрыялы пра падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь" і "з мэтай дыскрэдытацыі краіны з дапамогай аператара ён вырабіў шэраг відэасюжэтаў, якія змяшчаюць загадзя ілжывую інфармацыю, і перадаў іх пазначанаму тэлеканалу".

Па версіі следства, Дзмітрыю Лукшы дапамагала яго жонка Паліна Палавінка. У адным з выпадкаў яна, "хаваючы свой твар, на англійскай мове прадставілася грамадзянкай Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, якая нібыта жыве ў стыхійным лагеры на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". Жонцы інкрымінуецца "дапамаганне ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь" і "актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". У якасці абвінавачаных прыцягнуты яшчэ трое чалавек, у тым ліку аператар Лукшы.

Дзмітрый Лукша — былы вядоўца праграмы “Зона X” на "Беларусь 1". Ён працаваў пазаштатным карэспандэнтам казахстанскага тэлеканала “Хабар 24”. Пра затрыманне Лукшы, якое адбылося ў сакавіку, стала вядома толькі ў траўні 2022-га. У пачатку лета затрымалі яго жонку. Праваабаронцы прызналі іх палітзняволенымі.

За кратамі застаюцца Лукшы і яшчэ адзін абвінавачаны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі