Крымінальныя справы аб карупцыі ў медыцынскай сферы перадалі ў суд
Крымінальныя справы аб карупцыі ў медыцынскай сферы ў Беларусі перадалі ў суд, інфармуе прэс-служба Генпракуратуры. На лаве падсудных апынецца былы намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару асобай, якая займае адказнае становішча (ч. 3 арт. 430 КК). Таксама ў суд перададзена справа былога галоўнага лекара 12-й гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Мінска Уладзіміра Краўчонка. Артыкул — "атрыманне хабару паўторна, у асабліва буйным памеры" (ч. 2 і 3 арт. 430 КК). Яшчэ адна справа — былога начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэя Стрыжака. Артыкул — "атрыманне хабару паўторна, у буйным памеры" (ч. 2 арт. 430 КК). Калі крымінальныя справы Ласіцкага і Краўчонка разгледзіць Мінскі гарадскі суд, дык справу Стрыжака — суд Цэнтральнага раёна.
Крымінальныя справы знаходзіліся ў вытворчасці следчага ўпраўлення КДБ. Генпракуратура пасля вывучэння матэрыялаў зрабіла выснову, што абвінавачанні абгрунтаваныя, ёсць дастатковыя доказы віны абвінавачаных. Ігар Ласіцкі і Андрэй Стрыжак па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі, Уладзімір Краўчонак — пад хатнім арыштам.
Карупцыйны скандал у медыцынскай сферы выбухнуў летам 2018 года. КДБ затрымлівала больш за 100 чалавек — чыноўнікаў і бізнесменаў, звязаных з медыцынай. У гаражы дырэктара прадпрыемства "Белмедтэхніка" Аляксандра Шарака знайшлі 620 тысяч долараў у эквіваленце.