Крысціна Ціманоўская спадзяецца ўзяць удзел у Алімпійскіх гульнях у Парыжы
Крысціна Ціманоўская / Еўрарадыё
Былая беларуская спартоўка Крысціна Ціманоўская спадзяецца ўзяць удзел у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе. Выступаць яна хоча за Польшчу, дзе цяпер жыве. Пра гэта яна расказала праекту "Мост".
Для ўдзелу ў гульнях ёй трэба вырашыць дзве праблемы. Па-першае, выканаць неабходны нарматыў. І, па-другое, скараціць тэрмін каранціну — перыяд, калі спартовец, які змяніў спартовае грамадзянства, не можа выступаць за новую краіну на чэмпіянатах Еўропы, чэмпіянатах свету і Алімпійскіх гульнях. Звычайна каранцін доўжыцца тры гады.
"Мой каранцін павінен скончыцца перад наступнай Алімпіядай. І ў мяне не будзе часу выканаць нарматыў", — расказвае Ціманоўская. Таму яна настроеная разам з польскімі адвакатамі пераканаць чыноўнікаў з Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый скараціць ёй тэрмін. Ціманоўская нагадвае, што змена спартыўнага грамадзянства была вымушаным крокам.
"Я з'ехала, не таму, як расказвае прапаганда, што я да гэтага рыхтавалася і гэтага хацела. Так здарылася, што мне давялося ў мэтах бяспекі не вяртацца ў Беларусь. Я спадзяюся, што мне пойдуць насустрач і скароцяць каранцін хоць бы на два гады, а ў ідэале — год-паўтара", — заявіла спартоўка.
У Польшчы яна апынулася ў жніўні 2021 года. Прыляцела сюды з Токіо, дзе ў той момант праходзілі Алімпійскія гульні. Ціманоўская мусіла выступаць, але дазволіла сабе падчас гульняў публічна пакрытыкаваць беларускіх спартовых чыноўнікаў, пасля чаго ёй сказалі збіраць рэчы і вяртацца ў Мінск. У аэрапорце яна заявіла, што яе вывозяць без яе згоды. У выніку яна змагла застацца ў Токіа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.