Крывушэнка гатовы ахвяраваць вусамі дзеля поспеху ў матчы з Германіяй
Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Ігар Крывушэнка гатовы ахвяраваць вусамі дзеля поспеху ў матчы з Германіяй. Адборачны матч чэмпіянату Еўропы 2020 года пройдзе 8 чэрвеня на "Барысаў-Арэне". У эфіры канала ЧестнОК на YouTube Крывушэнка паабяцаў пагаліць вусы, калі беларуская зборная возьме хаця б адно ачко.
Першыя два матчы адбору дружына Ігара Крывушэнкі прайграла (Нідэрландам 0:4 і Паўночнай Ірландыі 1:2 — у гасцях). У групе С лідыруе Паўночная Ірландыя — 6 ачкоў, у Нідэрландаў і Германіі па 3 ачкі (у немцаў матч у запасе), у Эстоніі і Беларусі ачкоў няма (у эстонцаў матч у запасе). Наша каманда забіла адзін мяч і прапусціла 6.