“Крызіс толькі дапаможа ўнутранаму турызму”

“Крызіс толькі дапаможа ўнутранаму турызму”

Інтэрв’ю з братамі Антонам і Дзянісам Скрыпкамі, якія разлічваюць выкарыстаць няпростыя часы для папулярызацыі актыўнага адпачынку ўнутры Беларусі.

Пяць апошніх гадоў браты Антон і Дзяніс Скрыпкі развіваюць актыўны адпачынак на беларускіх рэках. Аднымі з першых у краіне яны разам са сваім бацькам заснавалі сядзібу пад сямейнай назвай “Тры Скрыпкі”. У інтэрв’ю Еўрарадыё браты расказваюць пра карпаратывы Нацбанка, кітайскіх турыстаў, захапленне Беларуссю палякаў, адносіны з чыноўнікамі і пра тое, як можна выкарыстаць у сваім бізнэсе адсутнасць вялікіх грошай у беларусаў.

 

Еўрарадыё: Як даўно вы ходзіце на байдарках?

Скрыпкі: Першы раз я паспрабаваў на пачатку дзвюхтысячных, яшчэ калі вучыўся ва ўніверсітэце. Потым, калі адкрылі сваю аграсядзібу, падумалі, што можна было б заняцца. У Беларусі вельмі цікава развіваць велатурызм і сплавы. Гэта тое, што асабліва падабаецца людзям і насамрэч прыцягвае. Некалькі гадоў таму ўсё вылілася ў стварэнне нашай арганізацыі “Пірога.бай”. У прынцыпе, сплавамі мы займаемся стабільна ўжо гадоў пяць.

Еўрарадыё: У Беларусі ёсць яшчэ такія арганізацыі, якія б займаліся сплавамі?

Скрыпкі: З’яўляюцца паступова. Іх усё больш і больш. Але асноўных арганізатараў, асноўных людзей мы ведаем асабіста. Каб арганізоўваць сплавы, мала адных байдарак. Трэба мець транспарт, базу, неабходнае абсталяванне: тыя ж намёты, дыванкі, спальнікі. Таму такіх, хто б мог усё арганізаваць на належным узроўні — прыехаць, забраць людзей з пакецікам з зубной шчоткай, а пасля адвезці назад дадому — такіх няшмат і мы ўсіх ведаем асабіста. У Беларусі іх усяго каля дзесяці чалавек.

“Крызіс толькі дапаможа ўнутранаму турызму”

Еўрарадыё: У якім рэгіёне Беларусі цяпер найлепш развіваецца такі від адпачынку? Кім ён запатрабаваны?

Скрыпкі: Толькі ў Мінску. Дакладней, пераважна ў Мінску. У нас просяць часам каноэ, байдаркі людзі з рэгіёнаў. З Калінкавіч прыязджалі. У іх там няма нічога. Усё абсталяванне яшчэ савецкае. Развіваюцца паціху сплавы ў Гродне, там ёсць Аўгустоўскі канал. Але гэта іншае крыху. Калі пра кліентаў гаварыць… Цяпер у нас вельмі шмат карпаратыўных замоваў. Кампаніі збіраюць сваіх супрацоўнікаў, робяць такі карпаратыў у фармаце сплаву. 30, 40, 50 чалавек. Такія замовы — гэта недзе 50% ад агульнай колькасці. Яшчэ мы робім зборныя сплавы. То бок любы чалавек можа запісацца, мы робім зборную групу і сплаўляемся па выбраным маршруце. Адзін дзень альбо некалькі. І ў зборных групах абсалютна ўсе прадстаўленыя. Там нават 4-гадовыя дзеці бываюць, сплаўляюцца з бацькамі. Праграмістаў шмат, моладзі. Увогуле, нельга сказаць, што гэты від адпачынку — толькі для маладых і забяспечаных. Фармат для кожнага ёсць. У зборных сплавах можа банкір сустрэцца з учорашнім студэнтам. Сядзяць ля вогнішча, размаўляюць на любыя тэмы. Сплаў, агульная лодка — гэта аб’ядноўвае людзей.

Еўрарадыё: Замежнікі сярод кліентаў бываюць? У Беларусі традыцыйна ўжо шмат расіян, асабліва ў аграсядзібах.

Скрыпкі: У нас у асноўным беларускія турысты. Хіба што палякі бываюць. Нашы рэкі, маршруты вельмі цікавыя палякам. Праўда, гэты накірунак абмяжоўвае тое, што патрэбныя візы. Але вось у нас ёсць знаёмыя з Любліна, якія прыязджаюць кожны год. Мы ім дапамагаем сплаўляцца. Яны са сваімі лодкамі нават прыязджаюць. Мы толькі кансультуем па маршрутах, даём начоўку на сядзібе. Арганізоўваем дастаўку. Але 99% нашых кліентаў — гэта беларусы. Расіяне могуць быць. Тыя расійскія сем’і, якія прыязджаюць летам на Нарач да нас, мы часам сплаўляем і іх. Але гэта ўсё ж статыстычная пагрэшнасць. Былі неяк кітайцы, англічане, нават з ПАР быў чалавек. Але гэта адзінкі.

Еўрарадыё: Нават з ПАР? Адмыслова прыехаў, каб сплавіцца па беларускай рацэ?

Скрыпкі: Так. Неяк праз сяброў выйшаў на нас. І прыехаў. Аказалася, што ён удзельнічае ў спаборніцтвах па заплывах у акіяне. Таму мы яго не асабліва здзівілі сваімі рэкамі. Тры дні плаваў тут у нас, камароў пакарміў у лесе, нафатаграфаваўся. Сказаў, што яшчэ прыехаў бы, спадабалася яму. А была неяк група кітайцаў. Нам сказалі, што трэба іх здзівіць. Мы пасля сплаву павялі іх у чорную лазню, але не здзівілі. Аказалася, што ў іх ёсць нешта падобнае. Але потым дзіўна было назіраць, як яны сала з салодкім пірагом елі. І яшчэ хрэнам намазвалі.

“Крызіс толькі дапаможа ўнутранаму турызму”

Еўрарадыё: Колькі ўвогуле каштуе тры дні плыць па беларускай рацэ ў чоўне?

Скрыпкі: Абсталяванне, асабліва парфесійнае вельмі нятаннае. Сучасныя чоўны робяцца з поліэтылену. Яны прадаюцца толькі ў Заходняй Еўропе, да нас прывезці іх цяжка, растаможка яшчэ ёсць. У выніку адна байдарка можа каштаваць каля тысячы долараў. Вёслы, гермамяшкі, намёты — усё можна набыць у Беларусі. Але калі набываць якасныя рэчы, гэта таксама не будзе зусім танна. Што тычыцца коштаў на сплавы, то трэба разлічваць недзе каля 40 долараў на дзень. Чым больш дзён, тым танней. Але гэта поўны сэрвіс. Чалавека забяруць у Мінску і прывязуць назад. Асабіста мы стараемся прапаноўваць розныя варыянты, каб людзі маглі выбраць, сэканоміць на нечым.

Еўрарадыё: Гэта выклікана крызісам? Як увогуле крызіс, скарачэнне прыбыткаў адбіваецца на вашым бізнесе?

Скрыпкі: Мы ад пачатку арыентаваліся на бюджэтны варыянт. Таму не можам сказаць, што кліентаў стала менш. На 1-2 сплавы у беларусаў ёсць грошы. Магчыма, людзі пачалі адмаўляцца ад адпачынку на моры альбо яшчэ дзе за мяжой. У нас крыху змяніліся замовы за мінулы год. Замовы сталі меншыя, але іх затое больш. 3-4 гады таму былі замовы на 80 чалавек. Цяпер на 50. Затое два разы. Альбо пяць па 12 чалавек. Свой аб’ём працы ў нас ўсё адно ёсць. Не ведаем, што будзе летам. Але павінна быць добра. Наша прапанова ўсё адно застаецца ў сегменце бюджэтнага адпачынку.

Еўрарадыё: На вашу думку, адсутнасць у беларусаў грошай на адпачынак за мяжой можа даць штуршок развіццю ўнутранага турызму? Гэтым можна скарыстацца?

Скрыпкі: Гэтым трэба скарыстацца. Трэба прапаноўваць сябе людзям. Перагледзець свае ўмовы, магчыма, кошты. Той, хто паспее пераарыентавацца, хто будзе больш гнуткі — той зможа зарабіць і ў крызіс. Людзі ж усё адно будуць адпачываць. З пункту гледжання развіцця ўнутранага турызму, гэты крызіс, магчыма, нават добры. Ёсць шанец, што з’явіцца турыст, які будзе зацікаўлены ў адпачынку ў сваёй краіне. Калі з’явяцца больш такіх людзей, то бізнэс таксама пачне развівацца нашмат хутчэй. Цяпер кажуць, маўляў, паедзеш у Мір на замак паглядзець, а там няма дзе паесці. Але таму і няма, што няшмат людзей туды ездзіць. Бізнэсоўцам не так і выгадна, магчыма, адкрываць там кавярню. Але калі будзе неабходная колькасць турыстаў, каб зарабляць на іх, то і інфраструктура будзе развівацца. Яшчэ і канкурэнцыя з’явіцца. Гэты крызіс зменіць сітуацыю. Магчыма, у людзей будзе менш грошай, але паток людзей будзе большым. Гэта факт. Трэба проста прапанаваць чалавеку нешта такое, на што ён будзе гатовы аддаць свае, хай і невялікія грошы.

“Крызіс толькі дапаможа ўнутранаму турызму”

Еўрарадыё: Як у вас складваюцца адносіны з уладамі? Чыноўнікі працаваць не перашкаджаюць?

Скрыпкі: Дзякуй богу, не так, як у прадпрымальнікаў цяпер. У Беларусі дзейнічае праграма па развіцці агратурызму, пакуль што ў нас вельмі ліберальнае заканадаўства ў гэтым плане. Відаць, нават, адно з самых ліберальных у свеце. Ёсць праблемы з фармулёўкай так званай курортнай зоны. Але ў цэлым, ніхто працаваць не замінае. Старое заканадаўства дзейнічае да 2020 года, таму пакуль мы працуем свабодна. Што тычыцца саміх водных паходаў, то спартовая дзейнасць на дадзены момант у Беларусі не ліцэнзіруецца. Таму ў гэтым плане таксама ніякіх перашкодаў няма. Мы арыентуемся толькі на кліентаў. Яны задаволеныя, мы таксама. Чыноўнікаў у гэтай схеме няма. Магчыма, яны пакуль не бачаць у нас вялікай сілы. Тое, што змены адбудуцца, гэта факт. Але мы пакуль настолькі незаўважныя для іх, што нам дазваляюць свабодна працаваць. Але вось ужо двойчы арганізоўвалі сплавы для Нацбанка. Карпаратывы ў іх такія былі. Самае высокае кіраўніцтва не ўдзельнічала, але больш дробныя супрацоўнікі — так.

Еўрарадыё: Якія рэкі ў Беларусі самыя цікавыя на ваш погляд? Дзе лепш за ўсё сплаўляцца?

Скрыпкі: На першым месцы Страча. Усе “воднікі” Беларусі стараюцца зрабіць там адкрыццё сезона вясной, яшчэ па высокай вадзе. Гэта самая "горная" рэчка з усіх раўнінных рэчак Беларусі. Гэта адназначна нумар адзін. Яшчэ Вузлянка, якая ўпадае у Нарачанку. Гэта вельмі папулярны маршрут, адзін з самых папулярных у краіне. А на трэцім месцы можна назваць цэлы рэгіён — Віцебшчына. Там цэлы шэраг рэк у такіх вельмі дзікіх месцах. Там няма населеных пунктаў, няма мабільнай сувязі, гэта вельмі далёка ад Мінска. Там можна пяць дзён ісці і не ўбачыць ніводнага чалавека. Тыя рэкі шмат каго і пывабліваюць сваёй дзікасцю. Людзі хочуць адпачыць ад цывілізацыі. Адключыцца ад сувязі, інтэрнэту. Потым едзе такі чалавек дадому, уключае мабільнік, а там 220 прапушчаных званкоў. Нішча, Свольна, Аўсянка — гэта самыя цікавыя рэкі Віцебшчыны. Расонскі і Гарадоцкі раёны. Сула, Заходняя Беразіна яшчэ цікавыя вельмі. Мноства такіх. Напрыклад, ёсць рака Мядзелка. Можна шэсць гадзін плыць, грэбсці, а потым выйсці на бераг і ўбачыць месца старту, бо яна звіваецца пастаянна невядома як. Котра на Гарадзеншчыне — шыкоўная рака.

“Крызіс толькі дапаможа ўнутранаму турызму”

Еўрарадыё: калі параўноўваць з суседнімі краінамі, на якім узроўні гэты сплаўны рух у Беларусі знаходзіцца?

Скрыпкі: Варта параўноўваць, думаю, з Польшчай і Літвой. Мы пачалі рабіць у нас тое, што ўжо даўно ёсць у Польшчы, добра развітае ў Літве. У гэтых краінах людзей, якія арганізоўваюць сплавы, у сотні разоў больш, чым у Беларусі. У іх вялікі паток і сваіх турыстаў, і замежнікаў, бо межы адкрытыя. Напрыклад, у Літве ты маеш уплыў на рынку, калі ў цябе 400 байдарак. Там ёсць базы, адкуль людзі арганізавана плывуць. Можна зямлю ля ракі набыць і пабудаваць такую базу. Культура адпачынку там зусім іншая ў людзей. У нас яна толькі развіваецца, але змены ёсць. Тым больш, што Беларусь нічым не саступае Літве і Польшчы. У нас вельмі прыгожыя маршруты. Палякі да нас цяпер прыязджаюць адмыслова, каб сплавіцца па беларускіх рэках, бо можна плыць дзень праз лес, не бачачы населеных пунктаў. У Польшчы і Літве такога амаль няма. Вось у гэтым нас палякі з літоўцамі не абганяюць — у Беларусі такі адпачынак атрымліваецца нашмат больш якасным. Рыштунак, лодкі — у нас такі ж, які ў Еўрасаюзе.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі