Ксёндз расказаў, як у 2020-м у Баранавічах на аўтамабілі збіў сілавіка
Дзмітрый Прыступа / svaboda.org
Ксёндз Дзмітрый Прыступа расказаў Радыё Свабода, як 11 жніўня 2020-га ў Баранавічах на аўтамабілі збіў сілавіка. Гэта быў 42-гадовы старшы прапаршчык з часці, якая займаецца перавозкай зняволеных. Святар служыў у Ляхавічах, а ў той дзень на машыне знаёмай ездзіў па цэнтры Баранавічаў — хацеў паглядзець, што там адбываецца. Якраз сілавікі ў чорным з дручкамі ў руках праводзілі затрыманні пратэстоўцаў. Яны паспрабавалі спыніць аўтамабіль. Адзін з іх апынуўся перад ім і ўдарыў па машыне.
"Я збіў яго, — кажа ксёндз, бо ў той момант сачыў у люстэрка за людзьмі, якія былі збоку ад легкавіка. — Ён пракаціўся крыху па капоце, хуткасць была невялікая. Потым ён устаў і пайшоў".
Дзмітрый Прыступа адтуль з'ехаў. Ён вярнуўся ў Ляхавічы, а праз тыдзень даведаўся, што яго шукаюць. "Я проста сабраўся і выехаў. Я меў 15 хвілін часу, каб сабраць рэчы", — успамінае ксёндз.
У святара быў сталы від на жыхарства ў Польшчы, аднак тады польскія памежнікі не пускалі людзей праз каранавірусныя абмежаванні. Ён паехаў праз Літву. Літоўцы пасля перамоваў дазволілі ўезд толькі з умовай, што адразу паедзе ў Польшчу.
У Беларусі на Прыступу распачалі крымінальную справу па артыкуле "наўмысны гвалт над супрацоўнікам унутраных спраў". Вядома, што той сілавік сур'ёзна не пацярпеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.