Куды Рамзан Кадыраў пайшоў з цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў?
Падчас цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў Рамзана Кадырава непрыкметна падмяніла Наталля Качанава
Падчас цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў са стадыёна "Дынама" кудысьці знік Рамзан Кадыраў. На 21-й хвіліне VIP-ложу з гасцямі цырымоніі паказалі ў тэлетрансляцыі. Кадыраў стаіць ззаду Дзмітрыя Мядзведзева і спявае беларускі гімн. Недзе праз 40 хвілін пасля пачатку цырымоніі ложа зноў трапіла ў кадр — а на месцы кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі з'явілася Наталля Качанава, кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
У прэс-службе дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў Еўрарадыё расказалі, што яны без паняцця, куды і чаму Рамзан Кадыраў пайшоў з цырымоніі: "Не ведаю, куды ён мог пайсці, гэта пытанне хутчэй не да нас, а да службы пратакола", — сказаў прэс-сакратар Аляксей Багдановіч.
У прэс-службе кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі таксама не змаглі адказаць на наша пытанне. "Я не магу ведаць, што здарылася ці не здарылася [на Еўрапейскіх гульнях]. Адкуль нам ведаць? Мы і не можам гэта пракаментаваць, я без паняцця", — адказаў прадстаўнік прэс-службы. Затым ён перапытаў у Еўрарадыё, хто ў складзе дэлегацыі Кадырава паехаў у Беларусь, і зноў паўтарыў, што не можа дапамагчы.
Пазней Рамзан Кадыраў напісаў у чачэнскай сацсетцы Mylistory, што адчуваў сябе ў Мінску як дома. У сталіцы Беларусі ён паспеў атрымаць ордэн Дружбы народаў і правесці афіцыйныя сустрэчы з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам і з Лэйлай Аліевай, дачкой прэзідэнта Азербайджана, побач з якой ён назіраў за цырымоніяй адкрыцця Еўрапейскіх гульняў.