Куды схадзіць у "Ноч музеяў" (праграма і карта)

Ноч музеяў 2015 пройдзе ў суботу 16 траўня. У Мінску будзе столькі падзей, што можна разгубіцца. Куды пайсці? Мы вырашылі параіцца з Максімам Лунёвым. Максім праводзіць у сталіцы бясплатныя экскурсіі, на якія збіраюцца сотні людзей.

"Мяне зацікавіў Музей гісторыі кіно. Там будзе карчма. Можна будзе пазнаёміцца з беларускімі стравамі, будзе адноўлены вобраз старой карчмы. Мне было б цікава туды схадзіць і даведацца нешта новае пра стравы нашых продкаў".

А яшчэ ў карчме — выстава, прысвечаная самагонцы і дэгустацыя! Падрабязную праграму можна паглядзець ніжэй.

"Таксама мне спадабалася праграма музея Народнай архітэктуры і побыту. Выстава прысвечаная беларускай культуры. І яна для ўсёй сям'і, туды можна прыехаць ўсёй сям'ёй і добра правесці час. Можна будзе абярэгі зрабіць. Я б з задавальненнем наведаў".

Музей знаходзіцца за Мінскам, каардынаты таксама можна паглядзець у праграме ніжэй. Дарэчы, выстава будзе адчыненая з 11 раніцы да 19 вечара, так што, можна паспець раніцай наведаць музей Народнай архітэктуры і побыту, а да вечара вярнуцца ў Мінск і паспець на асноўную Ноч музеяў.

"Музей Янкі Купалы робіць праграму "Вакол свету за адну ноч". Тут можна пазнаёміцца з музычнай культурай розных краін: Індыі, Грузіі, Літвы, Арменіі і іншых. Я б заскочыў з вялікім задавальненнем на гэты музычны марафон".

Марафон пачнецца ў 7 вечара, у музеі выступяць 17 музычных калектываў з 15 краін.

"Вельмі зацікавіла самая незвычайная праграма ў майстэрні Азгура — код Параджанава, гэта армянскі рэжысёр і сцэнарыст. Вельмі цікавая праграма, падзеленая на некалькі частак, дзе можна пазнаёміцца з яго творчасцю. Будзе адноўленая атмасфера яго фільмаў".

Дарэчы, музей Азгура будзе працаваць да 6 раніцы, але ёсць абмежаванне па ўзросце 18+.

"Яшчэ мне спадабалася праграма Нацыянальнага мастацкага музея — "Ціхая ноч". У іх заўсёды цікава, я заўсёды да іх хаджу і застаюся задаволены".

Праўда, сёлета каб застацца задаволеным наведваннем музея, трэба загадзя купіць квіткі. Адміністрацыя музея вырашыла цяпер пускаць не ўсіх, а толькі тых, хто купіў квіткі, і прадавацца яны будуць у абмежаванай колькасці. Так што, калі вы сапраўды плануеце наведаць Нацыянальны мастацкі музей, купіце білеты загадзя.

Увечары 16 мая будзе яшчэ вельмі шмат цікавых выстаў і канцэртаў у розных музеях. Мы сабралі падрабязную праграму кожнага з іх, а таксама час працы і кошты.

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

вул. Янкі Купалы, 4 (19:00 – 01:00)

Даведка: 017 327 78 66

Кошт: 1000 рублей

Вакол свету за адну ноч. У музеі будуць выступаць каллектывы з 15 краін (ЗША, Кітай, Арменія, Індыя, Польшча Бразілія, Грузія...)

19.00–19.20 — Украіна — фальклорны вакальны ансамбль “Ватра”

19.20–19.30 — Кітайская Народная Рэспубліка — тэатр танца “Рэнесанс данс” і вакальная студыя “Фолькмадэрн” Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта

19.30–19.40 — Рэспубліка Ізраіль — тэатр танца “Рэнесанс данс” і вакальная студыя “Фолькмадэрн” Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта

19.40–19.50 — ЗША — вакальная студыя “Фолькмадэрн” Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта                                                                                     20.00–20.30 — Грузія — ансамбль грузінскага танца “Сонечная Грузія”

20.30–20.50 — Славацкая Рэспубліка — вакальны ансамбль "Старое сяло"

21.00–21.20 — Рэспубліка Арменія — фальклорны ансамбль “Эрэбуні”

21.20–21.40 — Рэспубліка Татарстан — фальклорны ансамбль “Лейсян” і ансамбль інтэрнацыянальнага сяброўства “Згода”

21.40–22.00 — Літоўская Рэспубліка — літоўскія народныя песні

22.00–22.20 — Рэспубліка Індыя — танцавальны калектыў “Сопна”

22.20–22.40 — Расійская Федэрацыя — тэатр танца “Отражения”

22.40–23.00 — Рэспубліка Польшча — лаурэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Надзея Бронская і Сяргей Міклашэўскі

23.00–23.20 — Федэратыўная Рэспубліка Бразілія — бразільскае танцавальнае шоу “RIO”

Рэспубліка Беларусь:

23.20–23.40 — музычны калектыў “HURMA”

23.40–00.00 — музычны калектыў “Leіbonik”

00.00–00.20 — музычны калектыў “Знарок”

Музей Азгура

вул. Азгура, 8 (00: 00-06: 00)

Узроставае абмежаванне: 18+

Кошт квіткоў: 150000

Білеты можна набыць у касе музея штодня, акрамя панядзелка і нядзелі, з 10:00 да 17:00.

Інфа: 017380 06 32, 029568 63 19

ПРАГРАМА:

"Асамбляж"

Фасад будынка музея

21:00 — Сяргей Параджанаў "Легенда аб Сурамскай крэпасці"

22:30 — Сяргей Параджанаў "Кіеўскія фрэскі"

22:45 — Сяргей Параджанаў "Колер граната"

"Безразважнасць"

Унутраны дворык

21:00 Кабарэ-бэнд "Серебряная Свадьба"

23:00 НагУаль

00:00–06:00 саўнд-дызайнер AlexGooF (аўтарскі мікс)

"Элітарнасць"

Выставачная зала

21: 00–00: 00 фотапрэзентацыя, прома-ролікі "Код "Параджанава"" Фільмаграфія Сяргея Параджанава

00:00 — "Андрыеш" (1954)

01:15 — "Кветка на камені" (1962)

02:40 — "Цені забытых продкаў" (1964)

04:30 — "Ашык-Керыб" (1988)

06:00 — "Параджанов" Алена Фяцісава, Серж Аведзікян (2013)

"Містыфікацыя"

Мемарыяльная зала

21:00—00:00 — інсталяцыя "У прысутнасці Параджанава"

00:00—06:00 — Параджанаў. Дакументальная хроніка

06:00 — "Параджанаў" Алена Фяцісава, Серж Аведзікян (2013)

"Стыль"

Скульптурны зала

00:00 — "Апошняя казка Рыты", Рэната Літвініва (2012)

02:00 — "Фантан" Дарэн Аранофскі (2006)

04:00 — "Выжывуць толькі палюбоўнікі", Джым Джармуш (2013)

06:00 — "Параджанаў" Алена Фяцісава, Серж Аведзікян (2013)

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага

пл. Свабоды, 15 (19:00–00:00)

Кошт квіткоў: 70.000

Інфа: (017) 321 24 30

Тут пройдзе акцыя "Модная ноч". Яна пачнецца з прэзентацыі праекта "ІншыЯ" Ірыны Дзёмінай, выставы "Дыяманты" Алены Адамчык, праекта "Ажыўшыя карціны" Вольгі і Андрэя Смаляк і скончыцца канцэртам.

19:00 Прэзентацыя арт-праекта Ірыны Рамбальскай MEA CULPA (мая віна)

19:30 Прэзентацыя арт-праекта "ІншыЯ" Ірыны Дзёмінай

20:00 Адкрыццё выставы "Дыяманты" вядомага беларускага фатографа Алены Адамчык. Адкрыццё галерэі партрэтных лялек ад Ірыны Рамбальскай. Адкрыццё аўтарскага праекта "Ожившие картины" Вольгі і Андрэя Смаляк.

20:30 Прэзентацыя конкурсу "Млын моды - 2015". Прэзентацыя калекцыі Элвін Evoshka. Майстар-класы ад стылістаў. Фотасесіі для глянцавых часопісаў.

22:00–00:00 Выступленне модных музыкаў, артыстаў і танцораў

Таксама ў галерэі Савіцкага разыграюць спатканне на даху для самай моднай і стыльнай пары, якую вызначыць журы.

Музей Якуба Коласа

вул. Акадэмічная, 5 (17:00-00:00)

Кошт: 30 000 ці 100 000 для жадаючых наведаць канцэрт гурта "Сундук"

Даведка: 017 284 17 02

Тут абяцаюць канцэрт “камерных салістаў Мінска”, ажыўшую экспазіцыю, выступленне духавога аркестра, вулічных тэатраў. А скончыць мерапрыемства гурт “Сундук”. Бонусам з 19 да 20 гадзінаў можна будзе напісаць за сталом Якуба Коласа яго чарніламі і пяром запаветнае жаданне.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

вул. М. Багдановіча, 7А (14.00 - 23.00)

Кошт квітка 15 000, на дзённую частку праграмы (14.00–17.00) — уваход вольны

Вячоркі VS Залёты

Сто гадоў таму Максім Багдановіч напісаў паэму “Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык”, у цэнтры якой — шлюб камара і мухі. Таму дамінантай святочных мерапрыемстваў да “Ночы музеяў” ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў гэтым годзе стала вясельная тэматыка. Для наведвальнікаў будзе прапанаваная адмысловая праграма, пад час якой можна будзе пазнаёміцца з беларускімі традыцыйнымі вясельнымі спевамі, далучыцца да традыцыйных гульняў, якія праводзіліся раней на вячорках, паслухаць сучасныя гурты. А спецыяльна для маленькіх наведвальнікаў  прапануецца дзённая праграма.

14:00 — адкрыццё мастацка-дакументальнай выставы “Максімаў сад”, падчас якой адбудзецца прэзентацыя ілюстрацый навучэнцаў мастацкага каледжа імя А.К.Глебава;

14:30 — тэатралізаванае выступленне “Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык”, прадстаўленае вучнямі СШ № 125 г.Мінска;

15:15 — выступленне тэатральнай дзіцячай студыі сямейнага цэнтра Кацярыны Каўровай;

16:00 — гульнёва-забаўляльная праграма для дзяцей;

17:00 — майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (роспіс гіпсавых фігурак насякомых і інш.);

18:00–21:00 выступленні беларускіх этна-калектываў “Мярэжа”, “Рутвіца”, “Кудмень”; народныя гульні — Явар, Цяцерка і інш.;

21:00 — 22:00 выступленне арт-рок-гурта “TonqiXod”;

22:00 — 23:00 выступленне беларускага акустычнага поп-рок-гурта “Р’э мажор”.

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту

Час працы: 11:00 — 19:00

Музей знаходзіцца ў 4-х км. ад МКАД за аўтарынкам “Малінаўка” і в. Азярцо. GPS: 53.83108,  27.373932

Даведкі: +375 (29) 697-89-01

Кошт квіткоў: для дарослых — 40 000 руб., для навучэнцаў ВНУ, ССНУ дзённай формы навучання — 30 000 руб., вучняў — 20 000 руб., дзеці дашкольнага ўзросту — бясплатна.

За дадатковую плату: наведванне карчмы, набыццё сувеніраў ад Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Музей прапануе падчас мерапрыемства "Сем бед — адзін адказ" усёй сям’ёй разам зрабіць абярэг — ляльку-дзесяціручку. А таксама ўзяць удзел у разнастайных святочных выпрабаваннях.

Іспыты: "Бацькавы рукі", "Спрытны гаспадар", "“Распалі” печ".

Традыцыйныя дзіцячыя гульні;

Дэгустацыя квасу ад Беларускай карчмы;

Майстар-класы па пляценні на пальцах і інш.;

Сустрэча з зяляркай.

Музей І з'езда РСДРП

пр-т. Незалежнасці, 31а (19:00–01:00)

Кошт квіткоў: Дарослы — 50 000, дзіцячы — 30 000

Інфа: (017) 290 68 47

Тут будзе выстава "РобоАрт". Можна будзе ўбачыць працы сучаснага мастацтва "techno-TAHVO" (аўтар Тахво Антыпойка) і фатаграфічныя працы "Metropolis" (аўтар Айварс Лініньш).

Таксама падчас выставы наведвальнікі могуць стварыць ўласных робатаў, лепшыя і самыя цікавыя з якіх будуць выстаўленыя ў Доме-музеі I з'езда РСДРП.

Музей прыроды і экалогіі

вул. М.Багдановіча, 9а (18:00–21:00)

Кошт квіткоў: Дарослы — 25 000, дзіцячы — 15 000

Інфа: (017) 237 46 94; 327 06 33; 327 65 18

Мерапрыемствы будуць праходзіць, як у самой выставачнай зале, так і пад адкрытым небам.

Наведвальнікаў чакае шмат цікавага: тэатралізаваныя паказы, экалагічныя гульні, творчыя майстар-класы, фіта-бар, тэматычныя малюнкі на асфальце, паказ касцюмаў з другаснай сыравіны, майстар-клас па аква-грыме, караоке, конкурсы, латарэя з падарункамі і многае іншае. 

Музей гісторыі беларускага кіно

вул. Свярдлова, 4 (19:00 - 01:00)

Кошт квіткоў: 30 000

Інфа: (017) 327 10 75, (029) 627 10 75

У музеі можна наведаць старадаўнюю карчму, якая будзе адноўленая ў будынку музея. наведвальнікі карчмы змогуць пазнаёміцца са старадаўнімі рэцэптамі, стравамі, напоямі, застольнымі традыцыямі беларусаў. Можна будзе пакаштаваць папулярныя напоі, акунуцца ў атмасферу старадаўніх нораваў і звычаяў, абнавіць свае веды пра фальклорныя традыцыі. У праграме таксама гульні, забавы, песні. І выстава прысвечаная самагонцы.

Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Музычны зав. 5 (19:00 - 24:00)

Кошт квіткоў: 70.000

Інфа: (017) 220 26 67

Загадкавы асабняк у верхнім горадзе "Дом масонаў" напоўніцца містычнай атмасферай. Наведвальнікі змогуць убачыць працэс стварэння музыкі, які заўсёды застаецца нябачным, і нават навучацца граць на некаторых інструментах, наблізяцца да разгадкі бязмежнай улады музыкі над людзьмі.

ПРАГРАМА ВЫСТУПАЎ

Вуліца:

Ханг-перфоманс "Пагружэнне ў музыку"

Танец "Мая Марусечка"

Макс Бурынскі "Рытм сённяшняга дня"

Танец "Така як ты"

Танец "Вялікі Гэтсбі"

Танец "Джаз"

Танец "Музычнае вар'яцтва"

Першы паверх:

Ханг-перфоманс "Музычныя містычныя казкі"

Дзіцячая тэатральная студыя "Талент" з нумарам пра зараджэнне музыкі

Саюз маладых беларускіх кампазітараў + дзіцячая мастацкая студыя "Талент" — "Малюем сучасную класіку"

"Прывід оперы" — музычны сюрпрыз-фінал, у сучаснай інтэрпрэтацыі (салісты Вялікага тэатра Беларусі)

Другі паверх — відэапакой:

Фільм "Яўген Анегін",

Байкі

Урыўкі са спектакля "Завея квецені"

Урыўкі са спектакля "Яма"

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

вул. К. Маркса, 12 (16:00–01:00)

Інфа: (017) 327 36 65

Кошт квіткоў: для дарослых — 190 000, для студэнтаў — 140 000, для школьнікаў — 110.000.

Праграма

Музей (19.00–01.00)

Выстава "Сальватор Далі & Пабла Пікаса" з фотазонай. Унікальная магчымасць захаваць сябе ў вобразах вялікіх мастакоў.

Выстава "Таямніцы і казкі Японіі" з прымеркай кімано і фатаграфаваннем.

Выстава "70-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца" з паказам рарытэтных фільмаў на ваенную тэматыку.

Асноўная экспазіцыя музея.

Дэфіле ў эксклюзіўных галаўных уборах ад мадэльнага агенцтва "Тамара".

Падворак музея (16.00–01.00)

Уваход бясплатны

Кірмаш майстроў "Вечаровы яблычак"

16.00 — пачатак працы падворка.

17.00–18.00 — спектакль-знаёмства з кнігай ад крамы "Куфэрак дзіцячых кніг".

18.00–20.00 — майстар-клас ад школы барабанаў "Teka Dum"

20.00–21.00 — канцэрт музычных гуртоў.

21.00–22.00 — майстар-класы ад школ танцаў "Kredo" і "Dance Café"

22.00–1.00 — паказы фільмаў Міжнароднага фестывалю кароткаметражных фільмаў Cinema Perpetuum Mobile

Літаратурны музей Петруся Броўкі, вул. Карла Маркса, 30 (17:00–00:00)

Кошт квіткоў: 30 000 (да 18:00 — УВАХОД ВОЛЬНЫ)

Даведка: (017) 327 27 50; (029) 268 31 08

Праграма

17:00–18:00 “Чытаем сваё. Класіка. Вечар з Ежы Гедройцам”

18:00–18:30 Адкрыццё фотавыставы Аляксандры Салдатавай “Двайное праламленне”

18:00–20:00 — Музычныя этнічныя імправізацыі ад гурта КAM FOLL' RAM

18:30–19:30 — Лекцыя Івана Бесера “Сапраўдныя партрэты — забі ў сабе фатографа”

19:00–23:00 —Беларускія настольныя гульні Non-Stop

17:00–24:00 —Мабільны інтэрактыўны квэст па музеі — ДАБРОўкі.

20:00–21:30 —Раман Абрамчук і анты-кавербэнд “Гарадскі вал” пры падтрымцы Цімура Рэйзіса (“П-ц-ц-П”) з новай праграмай “Элвіс Ідзе Па Праспекце” на вершы Антона Рудака.

22.00–00:00 Конкурсная анімацыйная праграма ад кінафестываля CINEMA PERPETUUM MOBILE

На працягу ўсяго вечара Вас чакаюць займальны квэст па музеі, дзіцячая інтэрактыўная пляцоўка, сюрпрызы. І толькі ў гэтую ноч Вы зможаце ўбачыць унікальныя музейныя экспанаты з фондаў.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

вул. Леніна, 20, (19:00 - 24:00)

Інфа: +375 17327 71 63

Кошт квіткоў: 100 000 на ўсе мерапрыемствы Ночы музеяў. Выстава "Вынаходствы да Вінчы" каштуе дадатковыя 70000.

Пляцоўка перад музеем

19.00–19.05 — прывітальнае слова генеральнага дырэктара У.І. Пракапцова.

19.05–19.20 — “Жывы дудук”. Выканаўца — Уладзімір Глотаў.

19.40–20.00 — выступленне Дзіцячага тэатра “Радасць”. Кіраўнік — Аляксандр Ждановіч.

20.30–22.00 — выступленне струннага квартэта "Tango Box".

22.00–24.00 — спакойная фонавая музыка.

19.00–24.00 — фотазона: арт-аб’ект мастака Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Дзмітрыя Рачкоўскага “Вуха Ван Гога”.

Выставачныя залы 1-ага паверха (вул. Леніна, 20). Уваход ажыццяўляецца па асобным білеце праз правую браму музея!!!

19.00–24.00 — выстава “Вынаходствы да Вінчы”. Арганізатар — ТАА “Берын Арт Менеджмэнт”.

19.00–24.00 — фотазона: тантамарэска “Вітрувіянскі чалавек”.

Арт-кавярня, 1-ы паверх (вул. Леніна, 20)

19.00–24.00 — праект #Emptymet сумесна з Belarusian Instagram Community

Паказ кароткаметражных нямых фільмаў пачатку ХХ стагоддзя з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно.

Галерэя, 2-і паверх (вул. Леніна, 20)

19.00–24.00 — праект Беларускага саюза дызайнераў "ПоСтулат"

Калекцыя "ПоСтулат" была паказаная падчас правядзення Тыдня дызайну ў Вільні, на WAWA Design Festival у Варшаве, на Design Night Festival у Таліне і на выставе “Avant-gARTe. Ад квадрата да абъекта” ў Мінску.

Выстава набывае музейны фармат і прадстаўляе новыя працы беларускіх дызайнераў, мастакоў, натхнёных такім штодзённым, але такім неад’емным і прыцягальным аб’ектам для чалавека, як крэсла. У сваім традыцыйным выглядзе яно знаходзіцца ў хатнім інтэр’еры, у тэатры, канцэртнай зале, у закусачнай і рэстаране, у офісе і ў медыцынскім кабінеце. Дзякуючы ўяўнай прастаце і багаццю канатацый, яно з’яўляецца прывабным не толькі для дызайнераў, але і для мастакоў у самым шырокім сэнсе слова. Многія аўтары звяртаюцца да тэмы крэсла. Дастаткова прыгадаць мастакоў пачатку ХХ стагоддзя: Маціса і Ван Гога, Эндзі Уорхала і яго “Электрычнае крэсла”, крэсла Гюнтэра Юкера, “Адзін і тры крэслы” канцэптуаліста Джозэфа Кошута.

Экспазіцыйныя залы рускага мастацтва, 2-і паверх (вул. Леніна, 20)

19.00–24.00 — “Пакой у шэпце”. 1-я зала

Ноччу неабходна быць уважлівым. Кожны шоргат, кожны шолах нясе інфармацыю пра неспазнанае. У гэты дзень героі — “закладнікі” карцін — самі раскажуць пра сябе, варта толькі прыслухацца да іх шэпту.

19.00–24.00 — “Пакой, поўны цішыні”. 3-я зала

Спецыяльны праект флуарэсцэнтнага і псіхадэлічнага мастацтва маладых дызайнераў Аляксея Барысевіча і Кацярыны Цыплянковай сумесна з мастаком Кацярынай Лісіцынай.

Прастора ўвасабляе загадкавасць, незвычайнасць “Ночы музеяў”. Дзякуючы флуарэсцэнтнаму асвятленню, наведвальнікі трапяць у казачную атмасферу, якая дасць магчымасць адысці ад будзённасці.

19.00– 24.00 — “Анатомія пачуццяў”. Інтэрактыўная пляцоўка. 5-я зала

У цішыні гэтай ночы кожны жадаючы зможа прыслухацца да сваіх пачуццяў і даследаваць іх магчымасці. Лепшыя эксперты дапамогуць вам даведацца пра разуменне тактыльнасці на мове племені зулусаў, распазнаць смак кактуса, пачуць колер “бядра спалоханай німфы”, убачыць гукі космасу і сонца, адчуць водар падарожжаў.

19.00–24.00 — “Снежнае лета”. Выстава тэкстыльных скульптур. 2-я і 4-я залы.

Выстава сфарміраваная па выніках пленэра тэкстыльнай скульптуры. У экспазіцыі прадстаўленыя 16 твораў беларускіх майстроў. Усе скульптуры выкананыя ў шырокім дыяпазоне тэкстыльных тэхнік і матэрыялаў. Аб’ядноўвае іх толькі колер — белы. Разам з тым манахромнасць падкрэслівае форму, сілуэт, аб’ём і фактуру работ, заклікае любавацца і здзіўляцца фантазіі і густу беларускіх мастакоў.

Новы корпус (прыбудова), 1-ы паверх (вул. Леніна, 20А)

19.00–24.00 — відэазона: “Бязмоўе”. Сяродкрыжжа (Белая зала)

19.00–24.00 — “Як выглядае цішыня”. Інтэрактыўная зона. Калідор паміж залай старажытнабеларускага мастацтва і залай беларускага мастацтваXVII–XIX стст.

Стварэнне жывых карцін з дапамогай першасных геаметрычных фігур у духу авангардных кірункаў — супрэматызму і канструктывізму.

19.00–24.00 — “Босы” студэнцкі тэатр. Экспазіцыйная зала мастацтва краін Усходу.

У пошуках ісціны ў “Ноч музеяў” лепшыя з насельнікаў Лесу адправяцца ў Нацыянальны мастацкі музей, каб дакрануцца да шэдэўраў мастацтва і самім прыўнесці сваё разуменне цішыні і таямніцы. У межах “Ціхай” ночы” “Босы” студэнцкі тэатр аб’яўляе фотапаляванне на “сумных” звяроў.

Новы корпус (прыбудова), экспазіцыйныя залы беларускага мастацтваХХ ст., 2-і паверх (вул. Леніна, 20А)

19.00–24.00 — “У кожнага свая цішыня”. 4-я зала

Інтэрактыўная праграма ад “Майстэрні ўражанняў”, дзе кожны вызначыць для сябе, якая цішыня яму больш за ўсё падыходзіць — шчымлівая або звонкая, мёртвая або крыклівая…

19.00–24.00 — “У кожнага свая цішыня”. 3-я зала

Музычнае ўвасабленне цішыні ад Міжнароднага таварыства кампазітараў і выканаўцаў “МолОт”. Выступленне музычнага дуэта “Танга чэшырскага ката”.

“МолОт” — арганізацыя, створаная пры падтрымцы Саюзаў кампазітараў Расіі і Беларусі. Члены “МолОта” — студэнты і выпускнікі дзяржаўных кансерваторый краін СНД, магістры музыкі, маладыя даследчыкі-музыказнаўцы. Выступленне ў межах “Ночы музеяў” — гэта квінтэсенцыя назапашанага вопыту выступленняў і арганізацыі міжнародных фестываляў акадэмічнай і авангарднай музыкі. Праграма канцэрта падабраная ў поўнай адпаведнасці з тэмай “Ціхая” ноч”.

“Танга чэшырскага ката” — дуэт музыкантаў Максіма Сонцава і Дзмітрыя Кацечава. Выпадковая сустрэча аб’яднала клавішніка і скрыпача некалькі гадоў таму. За гэты час яны паспелі ўзяць удзел у Мінскім форуме вулічных тэатраў, у фестывалі Grand Teatro Marionetta ў горадзе Гродна, неаднаразова выступіць у Нацыянальным мастацкім музеі…

19.00–24.00 — праект Pixel Art ад студыі Trend Event. 1-я зала, прылеглая да яе прастора

Упершыню ў гісторыі акцыі “Ноч музеяў” карціны ажывуць і ўзнікнуць у прасторы. Праект Pixel Art стварае светлавыя канструкцыі ў цёмнай прасторы, якія застаюцца толькі на фотаздымках.

19.00–24.00 — Performance Nezh company. 2-я зала

Харэаграфічнае ўвасабленне цішыні. Цішыня не як бязгучнасць, а здольнасць у яднанні са светам... Ні лішняга гуку… Цішыня, што надыходзіць пасля працэсу, пасля выдыху. Мы — прадвеснікі цішыні.

Мінскі музей папулярнай навукі "Элементы"

вул. Алешава, 1 (21:00 - 02:00)

Кошт квіткоў: уваход для наведвальнікаў у белых халатах будзе бясплатным. Для астатніх гасцей — 50 000

Нестандартная ноч з тэлескопам і вадкім азотам

Гасцей музея ў ноч з 16 на 17 траўня чакаюць навукова-папулярныя лекцыі, навуковыя шоу-праграмы і лабараторныя працы для ўсёй сям'і. Арганізатары абяцаюць даказаць, што навука — гэта вельмі цікава.

Асноўная зала:

21.00 — лекцыя "АЭС у Беларусі".

22.00 — навуковае шоў з вадкім азотам.

23.00 — лекцыя "Вялікі Адронны Калайдар".

24.00 — лекцыя ля тэлескопа "Галактыка Млечны Шлях".

1.00 — турнір "Што? Дзе? Калі?" для ўсіх жадаючых.

2.00 — узнагароджанне пераможцаў турніру.

Лекторый:

майстар-клас "Дамашняя лабараторыя", майстар-клас для дарослых па вырабе катапульты, трансляцыя навукова-папулярных фільмаў.

Цэнтр сучасных мастацтваў

вул. Някрасава, 3

Кошт білета — 70000

15 траўня з 19.00 да 24.00 у Цэнтры сучасных мастацтваў у межах Міжнароднай акцыі "Ноч музеяў 2015" адбудзецца неардынарнае па сваім тэмпераменце дзейства "Ноч у стылі Стымпанк".

Незабыўную атмасферу стымпанка ў ЦСМ створыць каманда гродзенскіх аніматараў "Маскарад", каманда Steampunker.by, музыканты Сяргей Пукст, Вольга Акуліч, дыджэй Містэр Калапс, Сяргей Барысевіч і яго "робаталялька", паравая лялька ІРС і жывыя скульптуры.

Стымпанк — гэта адлюстраванне фантастычнага свету, у якім чалавецтва пайшло па шляху ўдасканалення паравых машын і механізмаў, пры гэтым электрычнасці была адведзеная толькі дапаможная роля. Стылістыка стымпанка, яго дух навукі і прыгод, механізаваная і тэхнізаваная эстэтыка, яго выдуманы свет збольшага сугучныя рамантыцы віктарыянскай эпохі. У Мінску ўжо было праведзена некалькі культурных акцый, такіх як "Стымпанк-трамвай", стымпанк-вечарына "Дырыжабль" і інш.

Разам з тым, тэма "Ноч музеяў 2015" у ЦСМ не абмяжоўваецца стымпанкам. У прасторы Цэнтра будуць прадстаўленыя нетрадыцыйныя напрамкі, віды мастацтва і арыгінальныя рашэнні і ідэі арганізацыі выставачнай прасторы.

Мастацкая галерэя Шчамялёва

пр. Ракасоўскага, 49

Кошт: уваходны білет — 10 000

11.00–16.00 — наведванне галерэі, экскурсіі, кансультацыі.

16.00–24.00 — адкрыты майстар-клас па маляванні для ўсіх жадаючых з элементамі арт-тэрапіі (вядучыя — прафесійныя мастакі-педагогі і арт-куратары).

Гарадская мастацкая галерэя Л.Шчамялёва ў музейную ноч творыць цуды. Прафесійныя педагогі і арт-куратары дапамогуць наведвальнікам пераўвасобіцца ў сапраўдных мастакоў, а пры жаданні выставіць сваю працу ў галерэі.

У асноўная зале гасцей будуць атачаць і натхняць на творчасць цудоўныя маляўнічыя палотны Леаніда Шчамялёва. У зале зменных экспазіцый вы трапіце ў жывую і разнастайную атмасферу выставачнага праекта "Вандроўка", аўтарскі калектыў якога ў гэты травеньскі вечар будзе суправаджаць вас у чароўным падарожжы па свеце мастацтва. Прыемным дадаткам паслужыць добрая музыка, у тым ліку, жывая.

Жадаючым паўдзельнічаць у мерапрыемстве прапануецца самастойна або з дапамогай педагогаў і арт-куратараў адлюстраваць сюжэт на вольную тэму "Травеньскія фарбы" у адвольнай тэхніцы. З работ удзельнікаў па меры іх гатоўнасці тут жа будзе фарміравацца жывая выстава, якая затым на працягу месяца будзе экспанавацца ў галерэі, здзіўляючы і цешачы наведвальнікаў, кожнага з якіх папросяць аддаць свой голас за тую ці іншую з упадабаных работ. Пра вынікі галасавання гледачоў будзе абвешчана дадаткова. Матэрыялы для творчасці па магчымасці прыносьце з сабой (алоўкі, пэндзлі, фарбы, туш, паперу), але сёе-тое з выяўленчых сродкаў абавязкова знойдзецца ў галерэі.

Музей МУС

вул. Гарадскі Вал 7

Музей будзе працаваць з 16.00 да 23.00, а тэмай мерапрыемства стане 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У выставачным павільёне уніфармісты прадставяць наведвальнікам экспазіцыю, прысвечаную краінам-саюзніцам антыгітлераўскай кааліцыі, курсанты Акадэміі МУС у форме супрацоўнікаў міліцыі ўзору 1944 правядуць экскурсію па выставе "Знаёмцеся, "Максім"". Акрамя таго, госці музея змогуць прымерыць на сябе ролю праваахоўніка пасляваенных гадоў, сфатаграфавацца з міліцэйскімі рэтра і сучаснымі аўтамабілямі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі