Кыргызстан хоча выдаць у Беларусь грамадзяніна Украіны
Кыргызстан хоча выдаць у Беларусь апазіцыянера з украінскім грамадзянствам / pixabay.com
Улады Кыргызстана хочуць выдаць у Беларусь грамадзяніна Украіны Уладзіміра Кадарыю, піша 24.kg.
Кадарыя знаходзіцца пад вартай у СІЗА-1 Бішкека. Ён звярнуўся да прэзідэнта Садыра Жапарава з просьбай не выдаваць яго ў Беларусь. Адвакаты Кадарыі лічаць, што яго экстрадыцыя будзе парушэннем міжнароднага заканадаўства.
У сваім звароце на імя прэзідэнта Кыргызстана Кадарыя піша, што ўцёк з Беларусі ва Украіну ад палітычных рэпрэсій. Ва Украіне ён атрымаў грамадзянства. У Беларусі, па словах Кадарыі, ён быў адміністратарам апазіцыйнага інтэрнэт-рэсурсу.
Тым не менш Генпракуратура Кыргызстана разглядае мужчыну грамадзянінам Беларусі і рашэнне пра яго выдачу лічыць законным.
Раней выдачай у Беларусь палітуцекачоў займалася толькі Расія — астатнія краіны ўстрымліваюцца ад такіх крокаў або адкрыта адмаўляюцца дапамагаць беларускаму рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.