"Лагічнае тлумачэнне існавання смяротнага пакарання ў Беларусі знайсці складана"

"Лагічнае тлумачэнне існавання смяротнага пакарання ў Беларусі знайсці складана"

Ханна-Сафія Грэў доўгі час працавала суддзёй у Еўрапейскім судзе па правах чалавека і Міжнароднага суда ААН у Гаазе. Яна з'яўляецца сябрам Міжнароднай камісіі супраць смяротнага пакарання. У студыі Еўрарадыё мы пагаварылі аб тым, ці ёсць прагрэс у гэтым пытанні ў перамовах з беларускімі ўладамі. А таксама што будзе, калі Беларусь увядзе мараторый на смяротнае пакаранне альбо ўвогуле адменіць яго. Прапануем вам запіс размовы, а таксама выбраныя цытаты.

"З 1996 года, калі быў праведзены рэферэндум з пытаннем аб смяротным пакаранні, шмат што змянілася. Цяпер і праваслаўная царква ў асобе патрыярха Кірыла, і каталіцкі касцёл у асобе Папы таксама супраць. Кірыл за ўвядзенне мараторыя, Папа — за поўную адмену"

"Я імкнуся быць больш аптымістычнай. Думаю, правядзенне другой канферэнцыі супраць смяротнага пакарання за год — гэта адлюстраванне грамадскага меркавання. Мяркую, асноўная мэта гэтага мерапрыемства — вывучэнне рызыкі, якую можа панесці беларускае грамадства ў выпадку адмены смяротнага пакарання ў краіне".

"Пераходным момантам можа быць увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. За гэты час беларускае грамадства зможа ўбачыць, што не адбываецца рэзкага росту злачыннасці, колькасці цяжкіх злачынстваў".

"Беларусь цяпер мае вельмі высокую ацэнку на міжнароднай арэне дзякуючы мінскаму міратворчаму працэсу. І ваша краіна можа замацаваць гэта акурат праз увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне".

"Калі Беларусь заўтра адменіць смяротнае пакаранне, то перавагі будуць як для Захаду, так і для Беларусі".

"Лагічнае тлумачэнне таго, чаму ў Беларусі дагэтуль існуе смяротнае пакаранне, знайсці складана. Розныя краіны, у тым ліку еўрапейскія, уводзілі мараторый і адмянялі смяротнае пакаранне ў розны час і з розных прычын. Беларусь, фактычна, засталася апошняй. Але нехта мусіць быць апошнім".

"У Вялікабрытаніі смяротнае пакаранне адмянілі пасля аналізу вынесеных раней прысудаў. Высветлілася, што вялікая іх колькасць была памылковай. У Францыі — пасля кровапралітных войнаў у калоніях. Іншыя краіны зрабілі гэта дзеля атрымання квітка ў Раду Еўропы. У кожнага былі свае прычыны і працэсы, свая матывацыя".

"Я лічу, што не існуе гуманнага спосабу забойства людзей".

"Галоўны аргумент супраць смяротнага пакарання? Мы ўсе людзі і мы верым у каштоўнасць чалавечага жыцця".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі