Латушка аб пытаннях для Лаўрова: беларускае грамадства хацела б пачуць адказы

Павел Латушка / Еўрарадыё
Павел Латушка / Еўрарадыё

"Калі Расея лічыць сябе моцнай краінай, то яна будзе прытрымлівацца міжнародна прызнаных прынцыпаў правоў чалавека. Калі ж ёсць цікавасць проста ўтрымаць Беларусь, выкарыстоўваючы Лукашэнку, то гэта ўжо не атрымаецца", — заявіў лідэр Народнага антыкрызіснага кіравання і былы міністр культуры Беларусі Павел Латушка ў інтэрв'ю тэлеканалу "Дождж" напярэдадні перамоваў у Мінску расійскага міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком беларускага знешнепалітычнага ведамства Ўладзімірам Макеям.

Лаўроў прыляцеў у Мінск напярэдадні. Сярод тэмаў, якія ён плануе абмеркаваць у Мінску: сітуацыя ў Беларусі, расейска-беларуская інтэграцыя і міжнародныя пытанні, у тым ліку стан адносін з ЕС.

"Беларускі народ ужо ніколі не даруе забойстваў, збіццё дубінкамі, нагамі, палкамі, газу ў камерах", — сказаў Латушка, тлумачачы, чаму падтрымка Лукашэнкі Расіяй — бесперспектыўная гісторыя.

 Ён нагадаў, што колькасць беларусаў, якія выступаюць за цесныя адносіны Беларусі і Расіі з пачатку года скарацілася з 60% да 40%. Затое расце доля тых, хто падтрымлівае больш цеснае ўзаемадзеянне з Захадам. Іх 33%.

 У гэтай сувязі Расіі мела б сэнс казаць не аб "нейтралітэце" у адносінах да падзеяў у Белауси, а даць адказы на канкрэтныя пытанні. Беларускае грамадства, па словах Латушкі, вельмі хацела б пачуць на іх адказы:

 — Як Расія ацэньвае гвалтоўныя смерці мірных беларусаў у сяброўскай дзяржаве?

 — 30 000 затрыманых за 3 месяцы — гэта шмат ці мала, ці Лукашэнку мае сэнс "паднаціснуць" у дадзеным пытанні?

 — Падана больш за 4000 заяваў па фактах забойстваў, гвалту, катаванняў — і не распачата ніводнай крымінальнай справы. Як Расія расцэньвае гэта ў рамках міжнародна-прававых абавязацельстваў?

 — Ці сапраўды мела месца парада з Крамлю, па словах Лукашэнкі, не пералічваць вынікі галасавання? Хіба ЦВК Расеі не публікуе пратаколы кожнай участковай камісіі?

 "Расіі варта зразумець, што цяпер у Беларусі не абмяркоўваюцца геапалітычныя прыярытэты. Людзі змагаюцца за свае правы. Выбар у якасці прыярытэту абароны правоў чалавека — выбар моцнага", — падсумаваў Латушка.

Расія прызнала вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Вышэйшыя расійскія чыноўнікі неаднаразова казалі пра "неўмяшанне ва ўнутраныя справы адзін аднаго", пры гэтым папракалі заходнія краіны ў спробах такога ўмяшання ў сітуацыю ў Беларусі. Кіраўнік Службы знешняй разведкі Расіі Сяргей Нарышкін ў канцы верасня, да прыкладу, распавядаў аб удзеле інструктараў ЦРУ і Пентагона ў падрыхтоўцы беларускіх пратэстаў.

Акрамя таго, расійскія чыноўнікі актыўна каментавалі канстытуцыйную рэформу Лукашэнкі. У канцы кастрычніка Ўладзімір Пуцін, у прыватнасці, казаў, што "зыходзячы з рэалій сённяшняга дня ... гэта [правядзенне Канстытуцыйнай рэформы — Еўрарадыё] у значнай меры крок насустрач апанентам", а новыя выбары, якіх патрабуюць людзі, "гэта павінен вызначаць сам беларускі народ , мы ў гэтыя пытаньні не лезем".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі