Латвія адмовілася дапамагчы РБ у расследаванні справы аб замене сцяга ў Рызе
Замена сцяга ў цэнтры Рыгі ў траўні 2021 года / twitter.com/edgarsrinkevics
Латвія адмовілася дапамагаць следчым з Мінска ў расследаванні крымінальнай справы аб замене беларускага сцяга ў цэнтры Рыгі падчас чэмпіянату свету па хакеі. Пра гэта расказаў у інтэрв'ю БЕЛТА першы намеснік старшыні Следчага камітэта Алег Шандаровіч.
У траўні 2021 года мэр Рыгі Марціньш Стакіс і кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс замянілі ў цэнтры горада чырвона-зялёны беларускі дзяржаўны сцяг на бел-чырвона-белы з "Пагоняй". Стакіс патлумачыў гэты ўчынак тым, што "сцяг, які сімвалізуе рэжым, які ажыццяўляе дзяржаўны тэрарызм, недарэчны ў гарадскім асяроддзі Рыгі — таму мы яго знялі". Гэта адбылося адразу пасля інцыдэнту з вымушанай пасадкай самалёта Ryanair у Мінску. У дачыненні да Стакіса і Рынкевічса завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальванне нацыянальнай варожасці).
Беларускія следчыя хацелі дапытаць латвійскіх чыноўнікаў. У ліпені адпраўлялі ў Рыгу калегам просьбу "аб уручэнні гэтым службовым асобам апавяшчэнняў, згодна з якімі яны павінныя з'явіцца на допыт у Следчы камітэт", расказаў Шандаровіч. Адказу не было. У верасні адправілі яшчэ адну просьбу, але прапанавалі дапытаць чыноўнікаў ужо на тэрыторыі Латвіі. Прыйшла адмова.
"Дзеянні латвійскіх службовых асоб утрымліваюць тэндэнцыйныя ацэнкі выключна палітычнага акту, які ні ў якім разе не мае на мэце прынізіць нацыянальную гонар і годнасць беларусаў", — патлумачыла латвійскі бок беларускім калегам.
Шандаровіч таксама паскардзіўся, што на ўсе запыты аб прававой дапамозе апошнім часам ім адказвае латвійскае МЗС, а не праваахоўныя органы. Прычым адразу кажуць, што просьба не будзе разгледжаная. "Фактычна гэта адмова ад супрацоўніцтва", — канстатаваў прадстаўнік беларускага СК.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.