Лазавік: У законе не прапісана, каб кандыдат аддаваў тэлеэфір сваім канкурэнтам
Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік паведаміў Еўрарадыё, што ў заканадаўстве не прадугледжаная перадача тэлевыступаў ад адных кандыдатаў у прэзідэнты другім. Так ён пракаментаваў просьбу, якую перадаў у ЦВК штаб Таццяны Караткевіч.
Як паведамляла Еўрарадыё 25 жніўня ў Жлобіне Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яму не патрэбны час на тэлевыступы кандыдатаў у прэзідэнты. Ён заявіў, што гэты час могуць выкарыстоўваць іншыя кандыдаты, калі пажадаюць. Штаб кандыдаткі Таццяны Караткевіч падаў у ЦВК просьбу перадаць ёй невыкарыстаны кандыдатам Лукашэнкам эфірны час. Разам з тым штаб Караткевіч гатовы падзяліць гадзіну тэлеэфіру з іншымі кандыдатамі.
Еўрарадыё спыталася ў Мікалая Лазавіка, ці можа кандыдатка спадзявацца на станоўчае рашэнне ЦВК.
Лазавік: "Я думаю, тут найперш трэба, каб Аляксандр Рыгоравіч пацвердзіў свой намер перадаць камусьці гэты час. Гэта яму вылучана. І калі ён вырашыў падараваць яго камусьці... Хаця паводле закону гэта не прадугледжана — ён сам павінен выступаць".
Сакратар ЦВК нагадаў, што час на тэлевізіі даецца для прадстаўлення сваёй перадвыбарчай праграмы. І ў гэты час кандыдат не мае права нават выставіць сваю давераную асобу — павінен выступаць сам.
Чыноўнік адзначыў, што не гатовы адразу адказаць, наколькі правамерна выглядае такая перадача эфірнага часу.
Фота: sputnik.by