Легалайз, тэхнарэйвы, квартал чырвоных ліхтароў. Ідэя для старых шахт Салігорска

Незвычайная ідэя для развіцця турызму

Незвычайная ідэя для развіцця турызму / @rubanau_collage

У праграме рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука "Ідэя Х" вандроўнік, вулічны артыст і журналіст-фрылансер Аляксандр Гойшык падзяліўся сваёй марай для новай Беларусі. У закінутых шахтах Салігорска ён адкрыў бы цэлы комплекс забаўляльных паслуг.

У прыватнасці, ён прапанаваў легалізаваць там курэнне марыхуаны і адкрыць свой квартал чырвоных ліхтароў.
Нам падалося, што гэтая ідэя не пазбаўленая арыгінальнасці, і мы распыталі пра яго мары падрабязней. Вось, як ён бачыць патэнцыйную турыстычную жамчужыну новай Беларусі.

Гойшык расказвае, што такія тэмы могуць быць вельмі цікавымі для масавых турыстаў, і прыкладаў гэтаму ў свеце нямала.

Гэта будзе гісторыя таго, як можна прывабліваць турыстаў гэткім незвычайным спосабам: менавіта пад тэрыторыяй Салігорскага раёна і менавіта на шахтах, якія ўжо не працуюць. Па сваёй другой адукацыі я вывучаў турызм, сам шмат падарожнічаў па свеце і бачыў, што тэма шахт вельмі прыцягвае людзей, да прыкладу, нешта падобнае я бачыў у Балівіі.

Каб мой план спрацаваў, трэба будзе прыдумаць эфектыўную піяр-кампанію. Я б абвясціў пад зямлёй легалайз, адкрыў бы кафешопы і стварыў бы свой квартал чырвоных ліхтароў. А над зямлёй, у солеадвалах, мы б ладзілі тэхнарэйвы, — расказвае Гойшык.

Хлопец лічыць, што ў Новай Беларусі гэта будзе рэальна і наогул вельмі запатрабавана.

Гэта сапраўды вельмі добрая ідэя, якая здолее паказаць Беларусь з нейкага іншага боку. Я лічу, што на шахцёрскай славе можна ствараць нашмат больш, чым проста вадзіць экскурсіі. 

Для мяне гэта зараз светлая мара будучыні. Пасля Лукашэнкі ў нас адкрыецца велізарнае акно магчымасцяў, дзякуючы чаму мы зможам рэалізаваць абсалютна ўсё. З жартоўнай ідэі гэта можа перарасці ў рэальны праект.

Цяпер, паводле слоў Аляксандра, у непрацоўных шахтах пад Салігорскам водзяць экскурсіі і лечаць людзей з захворваннем лёгкіх. Ён лічыць, што яго ідэю якраз можна сумяшчаць з лячэбнымі мэтамі.

Калі-небудзь гэта будзе прыносіць немалыя грошы салігорскаму бюджэту. Але перад гэтым было б нядрэнна адмяніць візавы рэжым, запусціць у Беларусь лаўкосты і зрабіць міліцыю не такой пагрозлівай, якая яна ёсць цяпер.

Нават калі ў бліжэйшыя часы наступіць пара Новай Беларусі, то нам пэўны час будзе не да турызму. Але калі мы дойдзем да разумення важнасці турызму — тады і надыйдзе час для маёй ідэі. Лічу, што для яе рэалізацыі спатрэбіцца гадоў 5-7.

Калі ў вас ёсць цікавы і вар'яцкі праект для новай Беларусі, напішыце нам — [email protected].

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі