Легалізаваць “незаконна пакладзены ламінат” бяруцца за 200 долараў
Чыноўнікі самі даюць тэлефоны спецыялістаў і некалькі месяцаў збіраюцца адмяніць узгадненне замены пакрыцця падлогі.
Болей за год, а калі дакладна, то 14 месяцаў, беларусы ўзгадняюць самыя простыя рамонтныя маніпуляцыі ў сваёй кватэры: замяніць разетку, пакласці ламінат. Усё гэта рэгулюе пастанова ўраду №384, згодна з якой, спачатку трэба атрымаць згоду адміністрацыі раёна, ЖЭСа, распрацаваць праектную дакументацыю. На ламінат! Па часе ўсё гэта можа заняць месяц і болей.
У адміністрацыі Заводскага раёна Мінска самі ж прызнаюць, што ламінат — гэта занадта:
“Вельмі многа прыходзіць людзей на ўзгадненне. Узгадняць кандыцыянеры трэба, бо часам бываюць старыя будынкі, там перакрыцці іншыя. А вось наконт узгаднення ламінату — гэта, я згодная, лішняе”.
Але добрая навіна! У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі Еўрарадыё кажуць, што ў пастанову №384 будуць унесеныя змены. Вось толькі калі?
“Калі прымуць, мы не ведаем. Хутчэй за ўсё, калі ўзгодняць указ №200 “Аб адміністрацыйных працэдурах”, — кажуць у Міністэрстве ЖКГ.
Як даведалася Еўрарадыё, пра змены ў пастанове пачалі казаць яшчэ восем месяцаў таму, у кастрычніку. З ламінатам прасцей.
“З кастрычніка гэтыя змены збіраюцца прыняць, але пакуль не прымаюць”, — у адміністрацыі Савецкага раёна Мінска пералічваюць, якія дакументы патрэбныя, каб узгадніць ламінат. Да прыкладу, згода ўсіх паўналетніх членаў сям'і. Трэба альбо з пашпартамі ўсім разам у адміністрацыю раёна, або натарыяльна заверанае ўзгадненне. Калі б я хацела перакласці ламінат гэтым летам, трэба было варушыцца яшчэ ўвесну, каб паспець з паперкамі.
“Я сёння (14 ліпеня) буду запісваць людзей на прыём да архітэктара на 12 жніўня. У нас жа камісія два разы на месяц збіраецца. Але ёсць людзі, якія могуць распрацаваць дакументацыю і ўсё зрабіць”, — кажуць мне ў адміністрацыі раёна і дыктуюць тэлефонныя нумары.
То бок ёсць людзі, якія заробяць на тым, што распрацуюць дакументацыю, узгодняць яе ў чыноўнікаў і нават дапамогуць легалізаваць “незаконна пакладзены ламінат”! За працу возьмуцца за суму ад 200 долараў. З такімі паслугамі ды цэнамі змены ў Пастанову ўраду №384 будуць яшчэ не хутка.