Летась за карупцыю арыштоўвалі па 5 чалавек на дзень

Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч выступіў за адмену крымінальнага пакарання за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, пацвердзіў адмову літоўскай пракуратуры ў выдачы генерала Ўсхопчыка і негатыўна выказаўся наконт аператыўных эксперыментаў. У сераду Генпракурор Рыгор Васілевіч расказаў журналістам пра тое, што летась рабілі органы пракуратуры па ўмацаванні законнасці і правапарадку ў краіне. Распавядаючы пра колькасць выкрытых злачынстваў, ён звярнуўся да праблемы аператыўных эксперыментаў. Дакладней, выпадкаў, калі самі супрацоўнікі міліцыі правакуюць людзей на здзяйсненне злачынства. І, адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, паабяцаў падумаць, што з імі рабіць.

Рыгор Васілевіч: “Права на правядзенне аператыўных эксперыментаў замацавана ў законе “Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці”. Там толькі ёсць забарона наконт правакацый на здзяйсненне крымінальных дзеянняў. Але мы звернемся да гэтага пытання, прааналізуем практыку з тым, каб забяспечыць і правы асобы, і інтарэсы дзяржавы. Карупцыйныя злачынствы наносяць шкоду грамадству, дзяржаве, кожнаму з нас”.

А карупцыянераў летась было арыштавана, паводле яго слоў, 1746 чалавек. А гэта амаль па 5 чалавек штодня!

Рыгор Васілевіч: “У 2009 годзе выяўлена 3366 злачынстваў карупцыйнай накіраванасці. Іх здзейснілі 1746 асоб. Страты нанесеныя на 53 мільярды. Пераважна гэта хабар, службовыя падлогі, крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі”.

У той жа час генпракурор лічыць, што не за ўсе карупцыйныя злачынствы трэба саджаць у турму. Да прыкладу, доктара, які за хабар ў выглядзе бутэлькі каньяку выпісаў “ліпавы” бальнічны.

Рыгор Васілевіч: “Я лічыў і лічу, што за злачынствы, нават карупцыйнай накіраванасці, пазбаўляць на 6-6,5 гадоў волі не трэба. Таго ж доктара, які выдаў бальнічны лісток. Хоць гэта і дрэнна, вядома”.

Самымі ж карумпаванымі генпракурор назваў Міністэрствы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, будаўніцтва і аховы здароўя.

Да дрэнных вынікаў леташняй працы пракуратуры яе кіраўнік аднёс і тое, што засталіся нераскрытымі 26 забойстваў. Калі дадаць 29 нераскрытых забойстваў 2008 года, то атрымліваецца зусім кепскі вынік. Няма, згодна з яго словамі, у праваахоўных органаў сур’ёзнага выніку і ў барацьбе з наркатрафікам.

Рыгор Васілевіч: “Каналы паставак наркотыкаў не выяўленыя. У асноўным ідзе страляніна з гармат па вераб’ях — па тых асобах маладых нарказалежных, якія збываюць невялікія дозы наркотыкаў”.



Нечакана Генпракурор выказаўся за тое, каб крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі замяніць на адміністрацыйную.

Рыгор Васілевіч: “Калі ёсць такая забарона на ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях, то, пакуль такая норма дзейнічае, яе трэба выконваць. І з пункту гледжання канстытуцыйных прынцыпаў і нормаў я не лічу, што яна яўна выпадае з нейкіх межаў асноўнага закона. Безумоўна, можа было б і лепш, каб за гэта была адміністрацыйная адказнасць”.

Паводле яго слоў, вырашыць гэта пытанне і ўнесці праўкі ў закон могуць толькі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Яны ж разглядаюць пытанні такога кшталту ў тым выпадку, калі да іх прыходзяць лісты з прапановамі ад зацікаўленых устаноў. Да прыкладу, той жа Генпракуратуры. Але, адзначае Васілевіч, ён не можа абяцаць таго, што Генпракуратура выступіць з ініцыятывай і накіруе дэпутатам прапанову аб змяненні пакарання за гэтае правапарушэнне.

У апошнія хвіліны прэс-канферэнцыі журналістам ўдалося-такі разгаварыць генпракурора на тэму далейшага лёсу генерала Ўсхопчыка, якога патрабуе выдаць пракуратура Літвы. Згодна са словамі Рыгора Васілевіча, Беларусь не выдае сваіх грамадзян іншым краінам. І не збіраецца адступаць ад гэтай практыкі ў выпадку з генералам Усхопчыкам.

Фота: аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі