Льготы “настаўніцкія”: 50 бонусных хвілін на мабільныя званкі па-за сеткай

Рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук прапануе льготы настаўнікам: музей за паўкошта і тарыфны план “Настаўніцкі” на мабільным.

“Мы выступілі з прапановай даць педагогам права бясплатна або на льготных умовах наведваць музеі і тэатры. Найбуйнейшыя мабільныя аператары распрацавалі і ўводзяць спецыяльны тарыф “Настаўніцкі” — ён прадугледжвае зніжкі на карыстанне мабільнай сувяззю і інтэрнэтам для педагога", — перадае агенцтва “Мінск-навіны” словы новага рэктара педагагічнага.

Ніводнай льготы для настаўнікаў не прыгадваюць у камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама. І раяць звярнуцца ў "МТС".

Кансультанты буйнога аператара “МТС” настаўніцкі тарыф не прапаноўваюць. Але абяцаюць распрацаваць.

“Пакуль такога тарыфнага плана ў нас няма. У распрацоўцы ёсць, умовы пакуль агучыць не можам”.

Няма бонусаў для настаўнікаў і ў аператара “Life”. Затое на “Velcom” педагогам прапануюць акцыю: бясплатныя званкі калегам. Можна абмеркаваць заробак…

“Для супрацоўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ёсць магчымасць падключыць новыя нумары тэлефонаў па карпаратыўным плане. Можна там абраць 200 бясплатных хвілін у сетцы ці 50 хвілін ва ўсе сеткі. У сам карпаратыўны тарыфны план уваходзіць 100 мегабайт інтэрнэту. Сярод супрацоўнікаў званкі бясплатныя”, — апісваюць перспектывы школьнай працы ў аператара.

У Нацыянальны мастацкі музей бясплатна настаўнікаў не пускаюць. Пра льготы ад рэктара БДПУ тут не чулі.

“Такога няма на сёння і нават гаворкі пра гэта не вялося”, — кажуць у музеі.

Льготы на праезд і арэнднае жыллё — прапануе пажаданыя бонусы ўжо былая настаўніца гісторыі з Маладзечна Вольга:

“Можна было б праводзіць цікавыя курсы для настаўнікаў, за мяжой, а не курсы павышэнне кваліфікацыі. Гэта б прынесла нешта новае ва ўрокі. Льготы на транспарт, каб дадатковая праца аплачвалася, каб маглі здымаць жыллё ў дзяржавы, арэнднае”.

Вольга звольнілася са школы адразу пасля двухгадовай адпрацоўкі. Дзяўчына скончыла гістарычны факультэт БДУ. Апошні яе настаўніцкі заробак — 3,5 мільёны.

Фота: mn.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі