Апазіцыянеры і праваабаронцы прынялі зварот па справе Андрэя Гайдукова
“Справу шпіёна Гайдукова” яны лічаць расправай за яго грамадскую дзейнасць і патрабуюць адкрытага судовага працэсу.
Суд над “шпіёнам” Андрэем Гайдуковым, які пачнецца 12 чэрвеня ў Віцебску, будзе закрытым. Робіцца гэта нібыта не толькі таму, каб не рассакрэціць “агентаў” КДБ, але і каб… не скампраметаваць праваабаронцаў і апазіцыю. Тыя ж патрабуюць ад спецслужбаў і суда, каб “ім зрабілі сорамна” падчас адкрытага судовага працэсу.
“Спадар Вакульчык кажа, што нам будзе сорамна. Так зрабіце нам сорамна! За тое, што мы дамагаемся інфармацыі і галоснасці па справе Андрэя Гайдукова. Зрабіце нам так сорамна, што мы перастанем патрабаваць вызвалення Андрэя Гайдукова!” — эмацыйна звяртаецца да старшыні КДБ актывіст БХД Дзяніс Садоўскі на прэс-канферэнцыі ў офісе Партыі БНФ.
Нагадаем, моладзевы апазіцыйны дзеяч з Наваполацка Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у Віцебску 8 лістапада 2012 года. Амаль адразу яго абвінавацілі ў шпіянажы на карысць замежнай выведкі. Але тое, што за 10 месяцаў знаходжання хлопца за кратамі ні Следчы камітэт, ні пракуратура не правялі ніводнай прэс-канферэнцыі з нагоды гэтай гучнай справы, насцярожвае былога следчага Генпракуратуры Алега Воўчака. Як і адсутнасць інфармацыі наконт таго, на каго “працаваў” Гайдукоў.
Алег Воўчак: “Па ідэі, мы і трэці бок павінны былі б ведаць -- прозвішча замежнага агента, але я ўпэўнены, што гэтага мы не даведаемся і падчас суда”.
У тым, што суд хочуць зрабіць закрытым выключна для таго, каб схаваць адсутнасць доказаў “шпіёнскай” дзейнасці Гайдукова, упэўнены і лідар “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў.
Уладзімір Някляеў: “Няма асобы такой, якая б выглядала фігурантам гэтай гучнай справы, і няма на тым прадпрыемстве, з якога нібыта былі сабраныя звесткі, што ўяўляюць небяспеку для дзяржавы, такіх тэхналогій, якія маглі б цікавіць выведкі заходніх краін”.
І прыгадвае, што па справе “Плошчы-2010” на яго ў КДБ таксама завялі справу як на шпіёна. І што палохалі закрытым судом.
Упэўнівае, што працэс палітычны, а не эканамічна-шпіёнскі намеснік старшыні “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка. І малюе змрочныя перспектывы супрацьстаяння актывістаў апазіцыі і дзяржавы.
Мікола Дземідзенка: “Закрыты працэс супраць грамадскіх актывістаў — мне падаецца, што гэта новая вяха, якая можа стаць вельмі небяспечнай для тых актывістаў, якія ў будучым могуць апынуцца за кратамі”.
Да патрабавання зрабіць працэс над Гайдуковым адкрытым таксама далучыліся праваабаронцы Ганна Шапуцька і Ігар Леднік, намесніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва, намеснік старшыні руху “Разам” Алесь Макаеў, старшыня “Альтэрнатывы” Алег Корбан.
Больш за тое, Алег Воўчак заявіў, што яго “Прававая дапамога грамадзянам” лічыць Андрэя Гайдукова палітвязнем. Але ж большасць яго калег-праваабаронцаў больш асцярожныя ў высновах, і ў такім статусе яму адмовілі.
“У нас няма дастатковых падстаў, каб казаць, што тут ёсць палітычная падшэўка. І пакуль у нас няма такой інфармацыі, я так мяркую, не трэба спяшацца”, — заявіла з гэтай нагоды праваабаронца Людміла Гразнова.
Воўчак з такой пазіцыяй не згодны.
Алег Воўчак: “Мы праводзілі сваё незалежнае расследаванне і не знайшлі, каб там быў эканамічны шпіянаж. Па нашай інфармацыі, звязана ўсё з яго грамадскай дзейнасцю. І таму лічым, што гэта палітычная акцыя — запалохаць моладзь”.
Суд над Андрэем Гайдуковым павінен пачацца 12 чэрвеня. У тым, што петыцыя наконт яго адкрытасці прымаецца за дзень да пачатку, удзельнікі прэс-канферэнцыі не бачаць нічога страшанага. “Па працэдуры рашэнне, ці будзе працэс закрыты, прымае суддзя, і на яго рашэнне можа паўплываць сам факт існавання петыцыі”, — упэўнены Воўчак.
Калі больш уплывовым за петыцыю не стане сам факт існавання меркавання старшыні КДБ на гэты конт…
Андрэй Гайдукоў у лісце да маці: “Не чакай цудаў. І прабач мяне”
Ілля Багданаў: Мяне забралі з дома і павезлі ў кайданках у Мінск
Фота: Змітра Лукашука