5 гучных шпіёнскіх скандалаў у Беларусі

1. "Ксёндз-шпіён"

Каталіцкі святар Уладзіслаў Лазар быў затрыманы ў Мінску ў канцы мая 2013 года. Яго абвінавачвалі ў перадачы грошаў і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваўся ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы.

"Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спецслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы звязаны з замежнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой", — сказаў Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня, а 29 каталіцкая царква паведаміла пра затрыманне Лазара.

Ксёндз прасядзеў паўгода ў СІЗА, пасля быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе, пазней абвінавачванне з яго знялі нібыта за надаказанасцю злачынства.


2. "Слесар-шпіён"

Былога аператара наваполацкага "Нафтана" і ініцыятара стварэння наваполацкай суполкі "Саюз маладых інтэлектуалаў" затрымалі ў Віцебску 8 лістапада 2012. КДБ паведаміў, што адбылося гэта "падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы".

"Я абвінавачваюся ў тым, што мог пагражаць нацыянальнай бяспецы, што характарызуецца як замах на канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь; навязванне Рэспубліцы Беларусь палітычнага курсу, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам. Характар магчымай шкоды можа выражацца ў дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сітуацыі. У тым, што шукаў фінансаванне на сваю дзейнасць у фондзе пасольства ЗША (ЦРУ ЗША па версіі КДБ)", — напісаў сам Гайдукоў у лісце з турмы.

Крымінальную справу супраць яго узбудзілі за здраду дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці. Але ў выніку асудзілі на паўтары гады за спробу ўстанаўлення супрацоўніцтва са спецслужбамі, органамі бяспекі або разведвальнымі органамі замежнай дзяржавы. Суд над ім праходзіў у закрытым рэжыме.


3. "Шпіён-фатограф" і "шпіён-рыэлтар"

Дваіх хлапцоў затрымаў КДБ пасля так званага "плюшавага дэсанта" — акцыі ў падтрымку свабоды слова. 4 ліпеня 2012 года маленькі самалёт з двума грамадзянамі Швецыі незаўважна пераляцеў беларуска-літоўскую мяжу даляцеў аж да Мінска, дэсантаваў на парашутах плюшавых мядзведзяў і ўдала вярнуўся ў Літву.

Паколькі грамадзян Швецыі затрымаць не ўдалося, у СІЗА КДБ трапіў фатограф Антон Сурапін, які першы сфатаграфаў мядзведзяў і выклаў фота на сваім сайце, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, у якога шведы здымалі кватэру на суткі.

Хлапцоў абвінавацілі ў пасобніцтве, пасля выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, пазней абвінавачанне знялі.


4. Італьянскі шпіён і беларуска Ірына Ушак

У красавіку 2001 года грамадзяніна Італіі Анджэла Антоніа Піў затрымалі разам з грамадзянкай Беларусі Ірынай Ушак, якая па інфармацыі КДБ перадавала яму дакументы з сакрэтнымі сведкамі вайсковага характару. Італьянца асудзілі за шпіянаж на 4,5 гады, а беларуску за здраду дзяржаве на 4 гады. Праз год пасля затрымання Аляксандр Лукашэнка памілаваў Ірыну, а ў Дзень незалежнасці і самога італьянца. 

На гэтым гісторыя не скончылася. Піў выказаў жаданне ажаніцца з Ірынай Ушак, якая на той момант знаходзілася ў Маскве.


5. "Шпіёны-журналісты"

У канцы 1994 года праз 5 месяцаў пасля абрання Лукашэнкі КДБ абвінаваціў двух беларускіх журналістаў у шпіянажы на карысць Турцыі. У выніку з Беларусі выслалі двух аташэ турэцкай амбасады. У адказ Турцыя прыпыніла ўсе кантакты з нашай краінай і прыпыніла выдзяленне крэдыту ў 100 мільёнаў долараў. Беларускіх грамадзян не асудзілі.

Так, з усіх шпіёнаў атрымалі тэрмін толькі Гайдукоў (але не за шпіянаж, а толькі спробу) і італьянец з беларускай, якія ў выніку былі памілаваныя і не адсядзелі нават палову тэрміна. Астатнія затрыманыя КДБ у выніку былі вызваленыя, а абвінавачанні з іх знялі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі