Два агенты спецслужбаў укараніліся да валанцёраў, апазіцыі і палітуцекачоў — БРЦ
Шпіёны "Пратасевіч" і "Кандратовіч"
Да валанцёраў і апазіцыі яшчэ ў 2020-м годзе ўкараніліся два супрацоўнікі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення пры Мінабароны Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў публікацыі Беларускага расследвальніцкага цэнтра.
Разведчык Юрый Кізюк дзейнічаў пад імёнамі Дзмітрый Пратасевіч і Георгій Назаранка. Яго напарнік Міхаіл Паветка карыстаўся пашпартам на імя Максіма Кандратовіча.
31-гадовы Дзмітрый Пратасевіч звярнуўся да валанцёраў у жніўні 2020-га, паказаў пратакол пра затрыманне. Ён таксама стаў валанцёрыць — знаходзіў пацярпелых ад палітычных рэпрэсій, запаўняў ведамасці і перадаваў дапамогу ім. Мужчына распаўсюджваў пратэсную сімволіку, хадзіў на маршы... Праўда, пазней расследвальнікі выявілі, што як мінімум часткі пацярпелых, на якіх Пратасевіч атрымліваў дапамогу, не існуе.
1 лістапада яго затрымалі разам са знаёмым — прадпрымальнікам Дзянісам Готам. Прадпрымальніку прысудзілі 25 сутак арышту, а Пратасевіч аб'явіўся ў валанцёраў і заявіў, што ўцёк з мікрааўтобуса сілавікоў. Расследвальнікі вывучыўшы сотні фатаграфій і даступных медыяфайлаў, прыйшлі да высновы, што ўцёкаў не было — сілавікі адпусцілі мужчыну.
Увесну 2021-га ён далучыўся да аргкамітэта партыі "Разам", якую стваралі паплечнікі Віктара Бабарыкі. "Таксама ён прысутнічаў на адной з сустрэч нашых прыхільнікаў у Варшаве ў 2021 годзе і ўдзельнічаў у адным з нашых адукацыйных анлайн праектаў у 2022 годзе. Ніякага доступу да ўнутранай інфармацыі нашай арганізацыі Дзмітрый Пратасевіч не меў, працы па нашым даручэнні не праводзіў. Актуальнае месцазнаходжанне нам не вядома", — кажа прадстаўнік аргкамітэта Іван Краўцоў.
Напарнікам Пратасевіча быў чалавек, які працаваў пад імем Максіма Кандратовіча. У яго таксама была даведка з ізалятара пра затрыманне.
Навязлівасць Пратасевіча і Кандратовіча, падрабязныя роспыты пра дзейнасць арганізацый выклікалі падазрэнні ў іх калег. На пачатку 2024 года яны папрасілі дапамогі ў незалежных журналістаў. Тыя выявілі, што Пратасевіч і Кандратовіч маюць зусім іншыя імёны.
"Пратасевічам" выявіўся Юрый Кізюк. Да 2019 года ён служыў у сістэме МУС, а потым перавёўся ў Мінабароны. Капітан трапіў у вайсковую часць 45 523 у Мінску — упраўленне замежнай інфармацыі і камунікацыі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення (ГРУ).
З 2018 года ў часці 45 523, як выявілі "Кіберпартызаны", ужо служыў Міхаіл Паветка. Валанцёрам ён быў вядомы пад імем "Максіма Кандратовіча".
Падчас пратэстаў 2020 года абодва ўсё яшчэ служылі ў вайсковай часці 45 523. Пры гэтым разведчыкі мелі па некалькі пашпартоў на розныя імёны.
У Юрыя Кізюка ў той перыяд было чатыры пашпарты. Паводле сапраўднага, ён нарадзіўся ў 1991 годзе, у яго ёсць жонка Кізюк Т. П.
Міхаіл Паветка меў тры пашпарты. У сапраўдным напісана, што ён нарадзіўся ў 1991 годзе ў вёсцы Жмуроўка Рэчыцкага раёна. Яго былая жонка — Паветка А.В., у іх ёсць непаўналетні сын.
Кізюк і Паветка ў 2021 годзе пераехалі ў Польшчу і працягвалі шпіёніць сярод валанцёраў і палітуцекачоў ужо там. У снежні 2022-га Паветка пад імем Максіма Кандратовіча заснаваў у Польшчы кампанію Arkmaxx group. У жніўні 2023-га ў склад заснавальнікаў фірмы пад імем Дзмітрыя Пратасевіча ўвайшоў і Юрый Кізюк.
Зыходзячы са справаздачаў, фірма не вядзе ніякай дзейнасці і, вераемна, была створаная для прыкрыцця шпіёнаў і наладжвання новых кантактаў.
У прэс-службе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) журналістам БРЦ сказалі, што ведаюць пра беларускіх шпіёнаў. Пры гэтым у НАУ дадалі, што справай цяпер займаюцца польскія спецслужбы, таму ніякай дадатковай інфармацыі паведаміць не могуць, каб не перашкодзіць расследаванню.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.