Лідзія Ярмошына: Начальства скажа, і я пайду на пенсію

Лідзія Ярмошына: Начальства скажа, і я пайду на пенсію

Лідзія Ярмошына пакуль не ведае, ці будзе яна далей працаваць на пасадзе старшыні Цэнтрвыбаркама, ці выправіцца на пенсію. Гэта залежыць ад кіраўніцтва краіны, кажа яна ў каментары Еўрарадыё. І прызнаецца, што планаў, чым зоймецца на выпадак адмоўнага рашэння, не мае.

Ярмошына: “Няма ў мяне ніякіх планаў, таму што становішча нявызначанае. Кіраўніцтва загадае, і я пайду — усё залежыць ад яго. Але я адразу ж магу сказаць, што любое рашэнне адносна мяне з’яўляецца задавальняючым”.

На пытанне, ці не мае яна намеру на наступных парламенцкіх выбарах паспрабаваць сябе ў якасці кандыдата ў дэпутаты, Лідзія Ярмошына адказвае адмоўна. Кажа, што і так ўжо вельмі даўно знаходзіцца "блізка да ўлады" і ісці пасля сыходу з пасады старшыні ЦВК у парламент ― “гэта будзе ўжо перабор”.

Ярмошына: “Да ўсяго, абірацца ж можна будзе толькі праз чатыры гады. Да таго моманту я ўжо ўстаўную сківіцу пачну шукаць!”.

Як вядома, старшыню Цэнтрвыбаркама прызначае асабіста кіраўнік Беларусі. Ён жа і прымае рашэнне ад зняцці яе з пасады. Лідзія Ярмошына нарадзілася 29 студзеня 1953 года. Пенсійнага ўзросту яна дасягнула яшчэ 8 гадоў таму. Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ярмошына ўзначальвае з 1996 года. З таго часу ніводныя беларускія выбары не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі