Літоўцы лічаць інвестыцыйны клімат Беларусі “не такім ужо і прывабным”
Сярод тамтэйшых бізнэсоўцаў папулярная думка, што справядлівай канкурэнцыі ў нашай краіне перашкаджаюць “мясцовыя органы”.
На сённяшні дзень у Беларусі паспяхова працуюць крамы, кавярні, харчовая вытворчасць з літоўскім капіталам. Кіраўнік дэпартамента малога і сярэдняга бізнэсу Міністэрства эканомікі Літвы Міндаўгас Даніс тлумачыць гэта тым, што літоўцы “у некаторых сферах крыху больш прасунутыя, чым беларусы”. У той жа час, чыноўнік кажа пра фобіі літоўскіх бізнэсоўцаў.
Даніс: “Часам чуеш казкі пра тое, што, калі адкрыеш бізнэс у Беларусі, твае канкурэнты будуць выкарыстоўваць мясцовыя органы, каб цябе прагнаць. Таму не ўсе літоўцы зламаўшы галаву бягуць у Беларусь рабіць бізнэс. Усё ж такі інвестыцыйны, прадпрымальніцкі клімат тут, на маю думку, не такі ўжо і прывабны”.
Адкрываючы ўлетку два дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы ў свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў”, амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус адзначыў “вялікую дынаміку літоўскіх інвестыцыяў у. Беларусь”. Толькі ў Мінску зарэгістравана 272 прадпрыемствы з літоўскім капіталам.
Фота — ria.ru