Літоўскі саюз стралкоў праз "ліцвінізм" спыніў супрацоўніцтва з беларусамі
БЧБ-шаўроны
Літоўскі саюз стралкоў заявіў пра спыненне супрацоўніцтва з беларускім клубам "Ліцвіны". Па інфармацыі Еўрарадыё, прычынай стала назва клуба, у якім літоўцы ўбачылі прэтэнзіі на гісторыю ВКЛ і тэрытарыяльную цэласнасць Літвы.
Клуб "Ліцвіны" — гэта саюз беларусаў, якія жывуць у Літве і разам праходзяць тактычныя вучэнні, курсы па самаабароне, фізпадрыхтоўцы, вучацца абыходжанню са зброяй. Гэтая арганізацыя беларусаў у Літве заснаваная ў верасні 2022 года і супрацоўнічала з Літоўскім саюзам стралкоў.
Аднак пасля таго, як літоўскія ўлады заклапаціліся ростам колькасці беларусаў, а таксама пасля выказванняў некаторых беларускіх палітыкаў у духу "Вільня наша" стралкі вырашылі спыніць супрацоўніцтва з "Ліцвінамі". Дзень адчыненых дзвярэй, які павінен быў адбыцца 1 кастрычніка ў Доме афіцэраў у Вільні, здаецца, не адбудзецца. "Мы хочам сказаць, што ў памяшканні Літоўскага войска такога мерапрыемства не будзе. Дазвол на яго правядзенне ніхто не выдаваў", — цытуе LNK прадстаўніка ЛВ Юргіса Норвайшу.
Па інфармацыі Еўрарадыё, мерапрыемства ўсё ж адбудзецца, але ў памяшканні хаба IMAGURU.
У той жа час, літоўскія ўлады добра ведаюць пра дзейнасць "Ліцвінаў" і іх мэты. Кіраўнік парламенцкага Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас кажа, што Літва кантралюе заняткі ў клубе, і што "Ліцвіны" не ўяўляюць пагрозы яе нацыянальнай бяспецы.
Клуб "Літвіны" ўжо адрэагаваў на гэтыя падзеі
У яго заяве сказана, што ён "пацвярджае і падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць межаў Літоўскай Рэспублікі".
"Клуб афіцыйна заяўляе, што НЕ МАЕ НІЯКАГА ДАЧЫНЕННЯ да ідэй нацыяналістычна-філасофскай плыні ліцвінізму, у якім беларусы называюцца асноўнымі або галоўнымі стваральнікамі і нашчадкамі Вялікага княства Літоўскага. Мы лічым гэтыя тэзісы, і, у прыватнасці, прэтэнзіі асобных беларусаў на сталіцу — горад Вільню — неабгрунтаванымі, варожымі і недарэчнымі, — гаворыцца ў заяве. — Для беларусаў асноўная задачай цяпер — прыкласці ўсе намаганні для перамогі ў вайне з пуцінскім і лукашэнкаўскім рэжымамі, а таксама аднаўленне законнасці ў роднай Беларусі.
Таму прадстаўнікі клуба сумесна з літоўскімі пабрацімамі змагаюцца ў складзе Узброеных Сіл Украіны. Сябры клуба з павагай і падзякай адносяцца да Літоўскай Рэспублікі і яе законаў. Мы ўдзячныя за падтрымку і прытулак беларусам, якія не маглі застацца на радзіме і былі вымушаныя пакінуць яе з прычыны пераследу злачынным рэжымам прарасійскага дыктатара Лукашэнкі”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.