Літоўскім вайскоўцам забаранілі выязджаць у недружалюбныя краіны
Літоўскім вайскоўцам забаранілі выязджаць у недружалюбныя краіны
Прафесійным літоўскім вайскоўцам забаронена выязджаць у недружалюбныя краіны, акрамя службовых паездак. Адпаведную папраўку да закона прыняў сейм Літвы, піша DELFI. За закон прагаласавалі 78 парламентароў, ніхто не галасаваў супраць і не ўстрымаўся.
Забарона набывае моц з 1 студзеня 2024 года. Пералік краін і тэрыторый будзе зацверджаны ўрадам.
Праўда, Мінабароны яшчэ ў кастрычніку падало такі спіс. У яго ўвайшлі Расія, Беларусь, Кітай, Малдова і яшчэ каля дзясятка краін і рэгіёнаў.
Таксама вайскоўцам забароняць наведваць краіны, у якія грамадзянам Літвы не раіць ехаць МЗС ці рэкамендуе неадкладна пакінуць краіну.
Паехаць у краіны з "недружалюбнага" спісу вайскоўцам дазволяць у выпадку цяжкай хваробы або смерці сваяка, пры прызначэнні вайскоўца апекуном ця папячыцелем або ў іншых выпадках, якія вызначаюцца ўрадам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.