Літоўскія памежнікі адбіраюць у беларусаў мяса
Забраць могуць нават кансервы, якія дальнабойшчыкі бяруць на перакус — гэтак суседняя краіна абараняецца ад афрыканскай чумы свіней.
На мяжы ўсяго за тры тыдні было канфіскавана звыш 4 тон мясапрадуктаў, інфармуе kp.by.
На ўсіх памежных пунктах арганізаваныя так званыя дэзінфікуючыя бар'еры, якія павінны ў абавязковым парадку перасякаць людзі і машыны. А вялікія фуры, у незалежнасці ад таго, што яны правозілі, апрацоўваюць адмысловым растворам.
“Мы ўвялі максімальна жорсткія захады, скіраваныя на перадухіленне з'яўлення афрыканскай чумы свіней у Літве. Згодна з пастановай Дзяржаўнай харчовай і ветэрынарнай службы Літвы ад 26 чэрвеня, у нашу краіну нельга ўвозіць ніякія прадукты жывёльнага паходжання. Усё гэта канфіскуецца і адпраўляецца на спецыялізаванае прадпрыемства па спальванні пабочных прадуктаў. Людзі і машыны ў абавязковым парадку праходзяць і праязджаюць праз дэзінфікуючыя бар'еры, каб не дапусціць распаўсюджвання АЧС ў нашай краіне. Мы пастаянна праводзім маніторынг гэтага захворвання ў дзікоў. Пры іх адстрэле мы робім забор крыві і ўнутраных органаў і правяраем на наяўнасць антыцелаў да захворвання і самога віруса афрыканскай чумы. У дробных гаспадарках і прыватных падворках мы бярэм кроў на аналіз у жывых хатніх свінак”, — распавёў Марыс Масіуліс, загадчык аддзела па надзвычайных мерах Дзяржаўнай службы харчавання і ветэрынарыі Літвы.