Літва не знайшла парушэння правоў беларускі, якой у аэрапорце рабілі эндаскапію
Літоўскі бок не знайшоў парушэнняў у справе беларускі Нікі Кошар, якой у аэрапорце Вільні правялі дагляд з эндаскапіяй.
Адказ на свой запыт беларускі бок чакаў больш за два месяцы. Афіцыйны дакумент беларуская амбасада ў Літве атрымала 22 траўня, паведамляе tut.by.
Прэс-сакратар беларускай амбасады Павел Слюнькін распавёў змест адказу: "Літоўскі бок пацвердзіў факт дэталёвага дагляду, у якім бралі ўдзел і медыцынскія спецыялісты. Кампетэнтныя органы Літоўскай Рэспублікі абавязаныя праводзіць паверку асобаў, якія прыбываюць і выбываюць, і рэчаў, якія яны перавозяць. Грамадзянка Беларусі была намі пра гэта апавешчаная. Амбасада выказвае гатоўнасць да аказання далейшага консульскага садзейнічання нашай грамадзянцы па гэтым здарэнні ў выпадку ініцыявання ёю адпаведнага разбору ва ўстаноўленым заканадаўствам Літоўскай Рэспублікі парадку".
Як паведамлялася раней, гісторыя адбылася 15 сакавіка ў віленскім аэрапорце. Беларуска ляцела з Перу з перасадкай у Амстэрдаме. Калі яе самалёт прызямліўся ў Вільні, там ужо чакалі мытнікі, якія падазравалі нашу суайчынніцу ў кантрабандзе наркотыкаў. Па словах Нікі Кошар, яе прымусілі падпісаць дакументы на літоўскай мове, адмовіліся даць адваката і спярша адправілі на рэнтген, а потым — на эндаскапію. Наркотыкі ў беларускі не знайшлі, на развітанне сказалі: "Выбачайце за дастаўленыя нязручнасці, прыязджайце да нас яшчэ".
Цяпер беларуска мае права звярнуцца ў суд у Літве. Аднак яна вырашыла пакінуць гэтую гісторыю ў мінулым.