Асабісты дагляд на мяжы: ці можна адмовіцца ад “мытнай” эндаскапіі?

Асабісты дагляд на мяжы: ці можна адмовіцца ад “мытнай” эндаскапіі?

Літоўскія мытнікі ў аэрапорце Вільні западозрылі Ніку Кошар у перавозе наркотыкаў. Што выклікала іх падазрэнні, мытнікі не патлумачылі. Магчыма, хапіла таго, што Ніка вярталася ў Мінск з Перу і мела перасадку ў Амстэрдаме. Асабісты дагляд, на які накіравалі беларуску, быў “па поўнай” ― з рэнтгенам, эндаскапіяй і МРТ.

Ці магла Ніка Кошар адмовіцца ад гэтых мытна-медыцынскіх працэдур? Хаця б ад той самай малапрыемнай эндаскапіі? Па словах беларускай турысткі, ёй такой магчымасці літоўскія мытнікі проста не далі.

Ніка Кашар: “Я казала, што я не хачу гэтага рабіць, што мне страшна. Казала, што яны не маюць права гэтага рабіць. У адказ мне сказалі, што ў такім выпадку пасадзяць мяне ў “малпоўнік” (ізалятар часовага ўтрымання. ― Еўрарадыё) і я будуць сядзець там, не патраплю па свой цягнік і гэтак далей”.

Пазней, кажа Ніка, яна зразумела, што варта было настойваць на сваёй адмове ад працэдуры ― “скандаліць, закаціць істэрыку ці што ў такіх выпадках робяць людзі”. Толькі ці дапамагло б? Мытная служба Літвы заявіла, што “на дадзены момант праводзіцца расследаванне абставінаў і ходу дагляду”.

Тым не менш, у каментарыі TUT.BY кіраўнік аддзела сувязі Дэпартамента мытных службаў Літвы Вітас Валунгевічус заявіў, што калі б Ніка Кошар адмовілася ад эндаскапіі, то “тады б пачаўся крымінальны пераслед, у такой сітуацыі распачынаецца крымінальная справа і пачынаюцца іншыя працэдуры”.
 

Беларускія мытнікі таксама падчас асабістага дагляду карыстаюцца дапамогай медыкаў і медыцынскага абсталявання, кажа афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага Мытнага камітэта Беларусі Кацярына Шкурдзюк. У выпадку, “калі ёсць важкія падставы меркаваць, што асобы ўтойваюць пры сабе альбо не выдаюць тавары, якія перавозяць пра мяжу”.

“Асабісты дагляд праводзіцца па рашэнні кіраўніка мытнага органа і афармляецца гэтае рашэнне пісьмова. Абследаванне цела фізічнай асобы, у дачыненні да якой праводзіцца асабісты дагляд, праводзіцца толькі медыцынскім работнікам з выкарыстаннем пры неабходнасці медыцынскай тэхнікі”, ― кажа Кацярына Шкурдзюк.

Ці можна адмовіцца ад “абследавання цела з выкарыстаннем медыцынскай тэхнікі”?

“Любую форму мытнага кантролю ніхто прымусова правесці не можа. Але ж зразумела, што калі чалавек адмовіцца, то яго проста так не адпусцяць ― далей будуць праводзіцца іншыя формы мытнага кантролю. Каб высветліць, па якіх абставінах чалавек адмаўляецца ад правядзення дадзеных дзеянняў”, ― тлумачыць Еўрарадыё прадстаўнік Мытнага камітэту.

Атрымліваецца, што ад той жа “мытнай эндаскапіі”, тэарэтычна, адмовіцца можна, толькі гэта азначае, што ваша знаёмства з нюансамі і магчымасцямі асабістага дагляду не толькі пашырыцца, але і зацягнецца.

Другі аспект, які цікавіць у сітуацыі з Нікай Кошар ― ці быў сэнс у правядзенні эндаскапіі? Як вядома, да гэтай працэдуры неабходна адпаведным чынам рыхтавацца. Пашукаем адказы ў дактароў.

“Павінна прайсці не менш васьмі гадзін ад апошняга прыняцця ежы. А калі гэта робіцца тэрмінова, то тады неабходна рабіць прамыванне страўніка. Як я зразумела, Ніцы гэтага не рабілі. У адваротным выпадку такі агляд будзе цалкам неінфарматыўны. І ёсць рызыка аспірацыі таго, што ёсць у страўніку ў дыхальныя шляхі”, ― кажа доктар-эндаскапіст Вольга Цыганкова.

“Ніхто ў мяне і не спытаў пра тое, колькі гадзін таму я ела. Адзінае, калі я прасіла піць ― мне піць не давалі. У мяне перасохла ў горле, але піць не далі, бо, сказалі, нельга гэтага рабіць перад такой працэдурай”, ― прыгадвае Ніка Кошар.

Па словах Вольгі Цыганковай, калі такая працэдура робіцца у нармальных умовах, то пацыент павінен падпісаць адпаведную згоду на правядзенне гэтай працэдуры. “Бо гэта інвазійны метад (пранікненне ўнутр арганізма. ― Еўрарадыё) і пацыент абавязкова павінен падпісаць згоду”, ― кажа доктар-эндаскапіст.

Па словах Нікі Кошар, ёй літоўскія мытнікі ніякай згоды на правядзенне працэдуры на подпіс не давалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі